Па месцах славы баявой

Традыцыйны раённы аўтапрабег, прысвечаны 73-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, арганізаваны райвыканкамам пры падтрымцы Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, прайшоў на Кобрыншчыне.

Рарытэтныя матацыклы і магутныя пазадарожнікі, ветэраны і моладзь, прадстаўнікі ўлады і арганізацый Кобрыншчыны – памяць аб’яднала ўсіх. Першым пунктам маршруту стаў помнік Івану Арлову, які знаходзіцца каля вёскі Жухаўцы. Іван Арлоў быў заснавальнікам падпольнай групы, якая дзейнічала на тэрыторыі Кобрыншчыны з 1942 года, а пазней – камандзірам партызанскага атрада імя Чапаева, ён загінуў у 1943 годзе пры спробе ўзарваць мост праз раку Мухавец.

Наступным прыпынкам стала вёска Плянта, дзе ўдзельнікі прабегу наведалі брацкую магілу партызан і помнік землякам, дзе пахаваны партызаны брыгады імя Чапаева. На мармуровай стэле – імёны 44 землякоў, якія загінулі ў час вайны. Помняць тыя страшныя падзеі і ў Запрудах – тут пахаваны 29 воінаў і 2 партызаны.

— Кожны з гэтых населеных пунктаў, праз якія праходзіць наш традыцыйны аўтапрабег, праходзіць па мясцінах, апаленых вайной, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – На Кобрыншчыне каля 150 брацкіх магіл і абеліскаў, 8 населеных пунктаў напаткаў лёс Хатыні. Калі прыйшло вызваленне, больш за 3 тысячы жыхароў Кобрыншчыны былі прызваны ў армію, дзе з годнасцю выканалі свой абавязак. Нам ёсць што помніць і чым ганарыцца.

У аграгарадку Лука ў памяць аб страшных падзях, якія здарыліся тут ў час вайны, устаноўлены вялікі мемарыял. Ён устаноўлены ў час вайны, калі гітлераўцы расстралялі 30 мірных жыхароў, а вёску спалілі датла. Сёння ў ганаровай варце тут стаяць вучні мясцовых школ, ляжаць жывыя кветкі. Апошнім пунктам маршруту сталі Астромічы, дзе прайшоў урачысты мітынг і патрыятычны канцэрт. Як адзначыў старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Кузіч,  для беларусаў Дзень Перамогі заўсёды быў, ёсць і будзе найвялікшым святам.

Лепшым пацвярджэннем гэтых слоў сталі шчырыя эмоцыі жыхароў Кобрыншчыны ўсіх узростаў, якія спадарожнічалі аўтапрабегу на працягу ўсяго маршруту. Светлая памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў сэрцах гэтых людзей не згасне.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

ЗДЫМКІ аўтара.

 

 

 

  

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *