Кобрын падрыхтаваўся выдатна

Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні нядаўна сабраў у нашым горадзе 115 вучняў з усіх абласцей Беларусі. Усяго ў фінале ўдзельнічалі 6 каманд – па адной з кожнай вобласці і з горада Мінска.


— Выбар Кобрына ў якасці месца правядзення быў абумоўлены той акалічнасцю, што горад і рэгіён у поўнай меры гатовы да мерапрыемстваў такога ўзроўню, — расказвае галоўны інспектар упраўлення агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паддубскі. – Гэта датычыцца і каледжа будаўнікоў, які ўжо мае вопыт правядзення абласнога этапа алімпіяды, і САШ №7, дзе для гэтага таксама створаны ўсе ўмовы, у тым ліку набыта новае абсталяванне, закуплены швейныя машыны. Увогуле, трэба адзначыць, што рэгіён падрыхтаваўся вельмі добра – створаны камфортныя ўмовы для пражывання ўдзельнікаў, распрацавана выдатная культурная праграма. Падагульняючы, можна адзначыць, што ўражанні ад прыёму самыя прыемныя.

Прынамсі, рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні ў нашай краіне праходзіць ужо сёмы раз. Як адзначыў старшыня журы завяршальнага этапа, загадчык кафедры тэхналогіі і методыкі выкладання Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Завістоўскі, сёння працоўнае навучанне – гэта комплексная дысцыпліна, да якой, на шчасце, у апошнія гады значна змяніўся падыход. Вельмі выразна тут выступаюць і міжпрадметныя сувязі – у прыватнасці, без вывучэння матэматыкі, фізікі, хіміі вывучэнне дысцыпліны становіцца немагчымым. Вучні працуюць з самымі разнастайнымі матэрыяламі, выкарыстоўваюць сучаснае абсталяванне і тэхналогіі. Адным словам, погляд, што на працоўным навучанні дзяцей вучаць, вобразна кажучы, забіваць цвікі, даўно адышоў у мінулае. Сур’ёзны змест, якім  напоўнены вучэбныя планы, сёння дазваляе выхаваць сапраўднага спецыяліста, які валодае прафесіянальнымі навыкамі.

Усё гэта прэтэндэнты на званне лепшых у краіне павінны былі прадэманстраваць за тры туры – тэарэтычны, практычны і тур конкурсных праектаў. Самым цікавым, але і самым складаным быў, зразумела, тур практычны, на якім вучням трэба было выканаць заданне, пра змест якога яны даведаліся непасрэдна ў дзень правядзення. Хлопцы завіхаліся са сталярным і слясарным інструментам, а ў майстэрнях стаяў прыемны пах свежага дрэва. У кабінетах, дзе займаліся дзяўчаты, бадзёра стракаталі швейныя машыны – адным словам, усюды панавала атмасфера засяроджанай працы.

А ў вольны час канкурсанты атрымалі магчымасць ацаніць багатую культурную праграму, якую ім прадставілі арганізатары мерапрыемства. Рабят чакала экскурсія “Старажытны і легендарны Кобрын” з наведваннем ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава, музея Кобрынскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа і фабрыкі цацак СТАА “ВП Палессе”. Не абышлося і без паездак, сярод якіх вучням было прапанавана наведаць Брэсцкую крэпасць і страусіную ферму.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *