Кветкі для ветэранаў

Сонечны май, над зямлёю павольна праплываюць белыя воблакі. Штогод напярэдадні Дня Перамогі здаецца, што нават сама прырода разумее і раздзяляе з намі гэтую ўрачыстасць, гонар за гераізм нашых суайчыннікаў і вечны смутак па тых, хто не вярнуўся з той страшнай вайны. Разам з вучнямі Тэвельскага дзіцячага сада-пачатковай школы і іх настаўніцай Людмілай Шэлест мы завіталі да ветэрана Рыгора Шугая, які нядаўна адзначыў сваё 95-годдзе.

Калі пачалася Вялікая Айчынная, мне было 19 гадоў, — расказвае Рыгор Шугай. – Распачалася мая служба ў Пуставалаўскім партызанскім атрадзе, які ўваходзіў у склад Чапаеўскай брыгады — ва ўзводзе, якім камандаваў Іван Семянюк. Цяжка было хадзіць па сваёй зямлі і адчуваць, што яе топчуць ворагі.

Доўгачаканае вызваленне прыйшло ў 1944 годзе, калі атрад аб’яднаўся з падраздзяленнямі Савецкай Арміі. Разам з войскам партызаны дайшлі да Кобрына. Як успамінае Рыгор Аляксеевіч, тут быў створаны часовы ваенны камісарыят, дзе ён і стаў на воінскі ўлік. Праз некалькі дзён усіх, хто быў прыдатны да службы, узброілі, абмундзіравалі і размеркавалі па воінскіх частках. Рыгор Шугай трапіў у стралковы пяхотны батальён і ўжо праз некалькі дзён уступіў у свой першы бой з нямецкімі войскамі. Гэта для маладога франтавіка быў толькі пачатак… Ён удзельнічаў у вызваленні Ліды, Ваўкавыска, Слоніма. Потым батальён быў накіраваны на III Прыбалтыйскі фронт, дзе давялося вызваляць Эстонію, Латвію і Літву, пасля трапіў ва Усходнюю Прусію. Армія рухалася на Захад, з жорсткімі баямі вызваляючы горад за горадам.  

Цяжкім і гераічным этапам стала Кёнігсбергская аперацыя, мэтай якой быў штурм горада-крэпасці, у які немцы ператварылі сучасны Калінінград. Рыгор Шугай успамінае, што моцная артылерыйская і авіяцыйная падрыхтоўка па сутнасці не пакінулі фашыстам шансаў, аднак супраціўленне ўсё роўна было адчайным – баі ішлі за кожны бункер, за кожную пядзь зямлі. Там, пад Кёнігсбергам, Рыгора Аляксеевіча і напаткалі варожыя кулі.

— Помню толькі, як апаліла нагу, і я ўпаў, — успамінае ветэран. – Праляжаў даволі доўга – на бяду, якраз распачаўся моцны абстрэл, які не дазваляў санітарам нават падысці блізка. Толькі праз некаторы час мяне атрымалася выцягнуць і направіць у шпіталь.

Раненне аказалася цяжкім – разам з іншымі раненымі Рыгора Аляксеевіча накіравалі ў глыбокі тыл, у горад Свярдлоўск, што на Урале, дзе франтавік і сустрэў доўгачаканы Дзень Перамогі. А пасля вайны вярнуўся на родную Кобрыншчыну, дзе працаваў спачатку брыгадзірам, а потым старшынёй сельскага спажывецкага таварыства. І сёння сумаваць Рыгору Аляксевічу не даводзіцца – жыццё падарыла яму чацвёра дзяцей, 8 унукаў і 10 праўнукаў, не забываюць ветэрана і прадстаўнікі мясцовай улады, работнікі ААТ “Стрыгава” і школьнікі. А ён заўсёды адклікаецца на прапановы аб сустрэчы і, нягледзячы на гады і старыя раны, якія ўсё больш даюць аб сабе знаць, ахвотна расказвае аб сваім ваенным жыцці, толькі часам замаўкаючы і паглядаючы ў светлае мірнае неба. Яму, ветэрану-франтавіку і прадстаўніку пакалення пераможцаў, якое цаной уласнага жыцця адваявала для ўсіх нас свабоду, вельмі добра вядома – гэтае неба можа быць зусім іншым.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара:  са святам Рыгора ШУГАЯ віншуюць вучні Тэвельскага дзіцячага сада-пачатковай школы з настаўніцай Людмілай Шэлест.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *