Вярнуўся пасля трох пахаванак

    Набліжаецца Дзень Перамогі, і на душы становіцца і радасна, і сумна адначасова. Якое гэта шчасце – жыць пад мірным небам, не ведаць жахаў вайны! Але так мала засталося побач з намі тых, хто, ахвяраваўшы сабою, здабыў нам мірнае жыццё.
    Вясною, падчас майскіх святаў, я заўсёды ўспамінаю майго дзядулю Мікалая, які памёр у красавіку 1991 года. Яго вяртанне з фронту было сапраўдным цудам.
    Калі ўжо была вызвалена Баларусь і баі ішлі на захадзе, мая бабуля Наташа атрымала пахаванку. Бязмернае гора ўвайшло ў вясковую хату: мужа больш няма, на руках трое малых дзяцей. Як жыць?
    Праўду кажуць, што бяда адна не ходзіць. Яшчэ Наталля не выплакала ўсіх слёз пасля першай пахаванкі, як прынеслі другую, а праз некаторы час – і трэцюю. Мужніна маці і сястра Люба заўсёды былі побач, падтрымлівалі, як маглі, суцяшалі, але і ім было цяжка, бо адначасова і яны страцілі сына і брата.
    І вось аднойчы…

    Наташа нават не паверыла сваім вачам: у хату ўвайшоў яе Мікалай. Як такое можа быць? Тры пахаванкі, а муж… жывы. Гэта не сон: вось ён, горача абдымае жонку, ласкава праводзіць далонню па галоўках дзетак: Паўла, Колі і Веры. А пасля расказаў, што адбылося на самой справе.
    …У баі Мікалая кантузіла, і ён страціў прытомнасць. Яго палічылі за мёртвага і адаслалі пахаванку родным. Калі пасля бою салдаты збіралі загінуўшых, каб пахаваць, заўважылі, што нехта спрабуе ўстаць і не можа. Гэты быў мой дзед. Яго накіравалі ў шпіталь, а паколькі сярод мёртвых яго зноў не аказалася, дадому даслалі яшчэ адзін ліст, дзе значылася, што Лук Мікалай Паўлавіч знік без вестак. А потым, зусім заблытаўшыся, што здарылася з гэтым байцом, адправілі яшчэ адну пахаванку.

    Але цяпер гэта ўсё ужо не мела таго жудаснага сэнсу, таму што радасць і шчасце вярнуліся ў хату. Каб трошкі акрыяць пасля цяжкага ранення, Мікалаю дазволена было некаторы час пабыць дома. Але гэты час зноў не пашкадаваў сям’ю Лук: памерла дачка Вера.
    — Няхай лепш я загінуў бы ці скаціна ўся паздыхала б, толькі не яна!.. – у адчаі прамовіў Мікалай.
    Пасля пахаванняў прыйшлі ў хату, памянулі дачку, а ўвечары пайшлі ў хлеў, каб пакарміць жывёл — уся скаціна: дзве каровы, дзве свінні – аказалася здохлай. Тады Мікалай зразумеў велізарную сілу слоў і прасіў прабачэння ў Бога за тое, што сказаў, калі не памятаў сябе ад гора.
    Прыйшоў час вяртацца на фронт. Сумным, але неабходным было раставанне: вайна працягвалася…
    У той час, калі мой дзядуля другі раз пайшоў ваяваць, памёр яго сын Коля. Новая бяда спасцігла сям’ю. І зноў цяжар страты лёг на жаночыя плечы маёй бабулі.
    Бог памілаваў Мікалая, і ён вярнуўся дадому з Перамогай, у прамым сэнсе гэтага слова, таму што пераступіў парог роднай хаты 10 мая 1945 года — разам з весткай аб заканчэнні вайны. А 9 мая 1946 года, праз год пасля вяртання дзеда, нарадзілася мая матуля Ганна.

    Наталля КАНДРАШУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *