Новаўвядзенні — на карысць бізнесу

Праграма чарговага рабочага аднадзённага візіту прадстаўнікоў Гаспадарчага суда Брэсцкай вобласці на Кобрыншчыну была даволі насычанай. 24 сакавіка ў райвыканкаме з удзелам намесніка старшыні Гаспадарчага суда Брэстчыны Ніны Дзяркач, суддзяў Вікторыі Петруковіч і Канстанціна Нікіціна адбылося пасяджэнне па разгляду апеляцыйнай скаргі аднаго з суб’ектаў гаспадарання Кобрыншчыны. Як адзначыла ў інтэрв’ю журналістам Ніна Дзяркач, агульная колькасць іскаў у ведамства, якое яна прадстаўляе, за 2010 год істотна павялічылася. Большасць датычыцца менавіта разліковых пытанняў. Бакі, як правіла, не выконваюць узятых абавязацельстваў і, нават не паспрабаваўшы ўрэгуляваць сітуацыю мірным шляхам, звяртаюцца ў суд.

Таксама госці з Брэста правялі практычны семінар-вучобу для прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Кобрыншчыны, індывідуальных прадпрымальнікаў. Шырока і поўна асвятляліся актуальныя пытанні прымянення Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2010 года №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, а таксама законаў, якія датычыліся ўдасканальвання гаспадарчага судаводства, змен у Кодэксе РБ аб адміністрацыйных правапарушаннях і працэсуальна-выканаўчым Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У прыватнасці, выступаючыя паведамілі аб тым, што лібералізацыя пакарання ў беларускім заканадаўстве выйшла на новы этап. Напрыклад, зменшаны памеры штрафаў па асобных правапарушэннях для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. А ў некаторых выпадках для арганізацый замест фінансавых санкцый прымяняецца  папярэджанне, што з’яўляецца новаўвядзеннем. Калі прадпрыемства на момант праверкі заплаціла штраф і здолела выправіць усе недахопы, то яно можа лічыцца не прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама ў святле Дырэктывы №4 плануецца распрацаваць прававыя механізмы па выкупе ў першачарговым парадку памяшканняў, якія арандуюцца.  Прадугледжваецца шэраг ільгот для патэнцыяльных бізнес-інвестараў і інш. Вялікая работа на самым высокім узроўні вядзецца па ліквідацыі так званай  “прабельнасці” заканадаўства.

У канцы семінара адбыўся асабісты прыём грамадзян. На кожнае пытанне былі дадзены кампетэнтныя адказы.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: у час выязнога пасяджэння Гаспадарчага суда Брэсцкай вобласці (злева направа) Вікторыя Петруковіч, Ніна Дзяркач і Канстанцін Нікіцін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *