“Беражыце тое, што маем…”

27 сакавіка – Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Камунальныя службы… Менавіта яны  адносяцца да тых, чые недахопы мы заўсёды заўважаем у першую чаргу.  А вось на дасягненні звяртаем увагу далёка не заўсёды – як правіла, расцэньваючы іх як нешта належнае і звычнае. Між тым, у многім менавіта дзякуючы штодзённай руплівай працы  камунальнікаў  наш горад і выглядае такім утульным, камфортным і прыгожым.

Людміла Карповіч, якая, дарэчы, нядаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Брэсцкага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, усе  асаблівасці гэтай працы вывучала, што называецца, на ўласным вопыце. За доўгія гады, якія яна прысвяціла рабоце  ў КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”,  Людміла Аляксееўна  прайшла шлях ад майстра зелянгаса да начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела – і сёння карыстаецца заслужанай павагай сярод кіраўніцтва і супрацоўнікаў.

А пачыналася ўсё 24 гады таму – пасля заканчэння Брэсцкага політэхнічнага ўніверсітэта – у той час ён яшчэ называўся інжынерна-будаўнічым інстытутам. Пошукі работы прывялі ў жыллёва-камунальную гаспадарку…

— Шчыра кажучы, першы год было вельмі цяжка, — успамінае Людміла Карповіч. – Практычна новая сфера дзейнасці, велізарны фронт работ… На той час у нашай гаспадарцы былі яшчэ коні – ды і ўвогуле, работа майстра зелянгаса месцамі здавалася больш сельскагаспадарчай, чым будаўнічай – іншымі словамі, мала адпавядала маёй спецыяльнасці.

Аднак працавітасць і адказнасць маладога спецыяліста былі заўважаны – і ўжо ў хуткім часе Людміла Карповіч была пераведзена ў вытворча-тэхнічны аддзел. Спачатку інжынерам, а потым “дарасла” і да начальніка аддзела, у якасці якога і працуе ўжо больш за 10 гадоў. Зараз яе работа – разнастайныя праграмы і праекты, якія ў канчатковым выніку і робяць нашу Кобрыншчыну прыгожай і ўтульнай. Але гэта толькі частка вялікай і шматграннай працы.

— Наш аддзел займаецца і дагаворамі, і разлікамі, і выкананнем сацыяльных стандартаў, і многімі іншымі справамі, –расказвае Людміла Карповіч. – Увогуле, каб перабраць усе сферы дзейнасці камунальных службаў, не хопіць і гадзіны. А жыхарам хочацца сказаць толькі адно: беражыце тое, што мы маем. Якімі б ні былі сілы камунальнікаў, без вашай дапамогі яны не здолеюць падтрымліваць  кожны куточак нашай Кобрыншчыны ў належным парадку і чысціні.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *