Каб зерне ўзышло

— Мне часта задаюць пытанне, як правільна выхаваць падрастаючае пакаленне, каб яно стала годнай зменай тым, хто не сёння — заўтра саступіць месца маладым. На што я заўсёды адказваю: павінна быць пераемнасць і цесная ўзаемасувязь: сям’ я – дзіцячы сад – школа –наступная навучальная ўстанова. І кожны, хто стаіць за пэўным  звяном гэтага доўгага ланцуга, не мае права перакласці свае абавязкі на другога. Павінен быць яскравым прыкладам для свайго выхаванца,  і ад сябе патрабаваць намнога больш, чым хоча атрымаць ад свайго падапечнага. У асобы, якую трэба выпусціць у вялікае самастойнае жыццё і ад якой у будучым залежыць  яе ўласны дабрабыт і лёс усёй краіны,  павінна быць ідэя, вялікая мэта, што аб’ядноўвае блізкіх па духу людзей, і, безумоўна, асэнсаванне адказнасці за свае ўчынкі, — сцвярджае былы дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання Марыя Клачковіч.

Хто, як не яна, ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь,  які выхаваў і выпусціў  у свет не адно пакаленне маладых швачак, повараў, сацыяльных работнікаў, афіцыянтаў, аператараў ЭВМ, страхавых і камерцыйных агентаў, што сёння сваёй сумленнай працай праслаўляюць Кобрыншчыну і ўсю нашу Беларусь, мае права на такое выказыванне?!

Усё жыццё Марыі Клачковіч – гэта несупынная самааданая праца, пошукі шляхоў, якія павінны былі, дзякуючы вялікім намаганням, прывесці да канчатковай мэты, якая заключалася не толькі ў выпуску ў свет прафесіянальнага спецыяліста, а яшчэ і грамадзяніна-патрыёта, годнага сына сваёй краіны. І калі ўлічыць той факт, што за перыяд працоўнай дзейнасці Марыі Мікалаеўны ў ліцэі сферы абслугоўвання сярод навучэнцаў не было зафіксавана ні аднаго правапарушэння, што пра  былых выхаванцаў ад яна чула толькі станоўчыя водгукі, можна сцвярджаць, што з задачай сваёй яна як кіраўнік і выхавальнік справілася.

Нельга не згадзіцца з меркаваннямі Марыі Мікалаеўны наконт ідэалагічных аспектаў у складаным і шматгранным выхаваўчым працэсе. Так, ёсць віна і сям’і, і школы ў тым, што многія слаўныя традыцыі, якія фарміраваліся  дзесяцігоддзямі ў нашым грамадстве, былі страчаны. Сказаць, што толькі час, новыя змены, якія хваляй накрылі нашу краіну ў канцы 20-стагоддзя, вінаваты ў тым, што не кожны сённяшні вучань ведае складальнікі беларускай дзяржаўнасці, дрэнна валодае роднай мовай, не ведае свой род да сёмага калена і культурныя традыцыі продкаў, значыць перакласці сваю віну на няпэўную асобу. Вярнуць добрыя традыцыі, на якіх выхавалася не адно пакаленне беларусаў, можна сумеснымі намаганнямі, бо аснова — сам падмурак – у нас ёсць.  І яе трэба ўмацоўваць, абапірацца на традыцыі і ствараць новае, бо час, безумоўна, патрабуе перамен, але не разбурэння.  А пачынаецца ўсё  проста — з  калыскі, над якой маці спявае песню дзіцяці, з кінутага разам з бацькам зерня ў прагрэтую веснавым сонцам глебу, з пасаджаных разам з класам кволенькіх дрэўцаў у парку…

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Марыя Клачковіч.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *