З іх пачынаецца армія

З іх пачынаецца армія сённяшняга дня і нараджаецца армія будучыні, і тыя нябачныя ніці, якія злучаюць войска з народам, праходзяць таксама праз іх – супрацоўнікаў ваеннага камісарыята. Гэтыя і іншыя прыемныя словы давялося пачуць супрацоўнікам ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў у час святкавання 100-годдзя з дня ўтварэння мясцовых органаў ваеннага кіравання, якое адбылося 14 красавіка ў Палацы культуры.

Сучасны калектыў ваенкамата на чале з ваенным камісарам палкоўнікам Ігарам Кругловым — гэта згуртаваная каманда спецыялістаў, кожны з якіх выконвае свае абавязкі добрасумленна і, як кажуць у арміі, “праяўляючы разумную ініцыятыву”.

Асноўныя задачы мабілізацыйнага аддзела, які ўзначальвае падпалкоўнік Вольга Раманус, – гэта ўлік і падрыхтоўка ваеннаабавязаных да мабілізацыі ў ваенны час, а таксама да вучэбных і праверачных збораў. Сярод лепшых супрацоўнікаў аддзела лейтэнанты Георгій Бровін, Руслан Бекенаў, афіцэры запасу: Уладзімір Васілюк, Юрый Жук, асобы грамадзянскага персаналу: Людміла Бярдовіч, Наталля Дзмітрук, Алена Грысевіч.

У ваенным камісарыяце дзейнічае аддзел прызыву на ваенную службу. Сёння на ўліку ў ваенкамаце знаходзіцца больш за 2800 прызыўнікоў. У веснавы прызыў армейскі строй папоўняць 170 юнакоў. Але і ў міжпрызыўныя перыяды работнікам аддзела сумаваць не прыходзіцца. У абавязкі кіраўніка аддзела капітана Юрыя Шчаўкунова і спецыялістаў Алы Германюк, Юліі Назарэвіч, Людмілы Свіціч, Таццяны Гусько ўваходзіць арганізацыя дапрызыўнай падрыхтоўкі і медыцынскага агляду юнакоў з раёна, іх падрыхтоўка да службы ва Узброеных Сілах і іншых сілавых структурах, прызыў на тэрміновую службу і службу ў рэзерве, а таксама аказанне дапамогі абітурыентам, якія паступаюць у ваенныя навучальныя ўстановы.

Начальнік сакрэтнай часткі Таццяна Русак разам з інспектарам Наталіяй Дзенісюк дапамагаюць забяспечваць рэжым сакрэтнасці, своечасовую распрацоўку і ажыццяўленне неабходных мерапрыемстваў па абароне дзяржаўных сакрэтаў у ваенкамаце. А дзякуючы такім вайскоўцам, як Ігар Невядомскі, Кірыл Шаўчэнка і афіцэр запасу Уладзімір Аносаў паспяхова вырашаюцца задачы арганізацыі тэрытарыяльнай абароны раёнаў. Так, у верасні 2016 года вышэйшае камандаванне высока ацаніла поспехі ў арганізацыі тэрытарыяльнай абароны ў час апошняга вучэбнага збора з ваеннаабавязанымі, прызначанымі для праходжання службы ў ваенны час на штатных вайсковых пасадах асобнай стралковай роты тэрытарыяльных войскаў Кобрынскага раёна. А гэта адзін з найбольш складаных накірункаў дзейнасці ваеннага камісарыята.

Сёння на ўліку ў ваенкамаце знаходзіцца 526 воінаў-інтэрнацыяналістаў, 60 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 1169 пенсіянераў Міністэрства абароны, 214 удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пытаннямі сацыяльнай абароны ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў, ваеннаабавязаных, ветэранаў Узброеных Сіл і воінаў-інтэрнацыяналістаў займаецца афіцэр запасу Вячаслаў Бурак. А сучасная выплата пенсій, кампенсацый, прадастаўленне льгот цалкам лягла на плечы Людмілы Дземідзюк.

Пасля таго, як у жніўні 2015 года Кобрынскі і Жабінкаўскі ваенкаматы былі аб’яднаны, у структуры ваеннага камісарыята з’явілася адасобленая група пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Аляксея Пятрова, якая вырашае аналагічныя задачы на тэрыторыі суседняга Жабінкаўскага раёна.

Ваенны камісарыят цесна ўзаемадзейнічае з раённым выканаўчым камітэтам, сілавымі структурамі, раённымі арганізацыямі. Таму і павіншаваць са святам яго супрацоўнікаў прыйшлі раённыя ўлады, прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў, надзвычайных сітуацый, следчага камітэту, пракуратуры і іншыя. Агульную думку выказаў старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля, які цёпла павіншаваў юбіляраў і падкрэсліў, што работнікі ваеннага камісарыята з гонарам выконваюць воінскі абавязак, уносяць свой значны ўклад у забеспячэнне бяспекі і росквіту краіны.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКУ аўтара: калектыў ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў з удзельнікамі імпрэзы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *