Пробы будучых “зорачак”

Трэці раз на базе КСДЮШАР праводзілася першынство Брэсцкай вобласці па шахматах сярод дзяцей ва ўзросце да 8 гадоў. Сёлета ў гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел 37 маленькіх спартсменаў з Кобрына, Брэста, Баранавіч і Пінска.


Падзяліўшыся на групы, рабяты пачалі напружаныя і захапляючыя гульні. Адна партыя доўжылася 1,5 гадзіны. У аўдыторыях цішыня. Шах… Мат… І пераможца па-сяброўску паціскае руку саперніку.

Прыемна было бачыць, як аддана змагаліся за лідарства кабрынчане. У іх высокай маральнай і спартыўнай падрыхтоўцы прынялі непасрэдны ўдзел трэнеры Таццяна Сварцэвіч і Людміла Мартынюк.

У выніку ўсю тройку лідараў сярод дзяўчынак склалі кабрынчанкі. Першае месца заняла Арына Кузіч з САШ №2. Перамога заканамерная. На першынстве і чэмпіянаце вобласці ўжо атрымлівала бліскучыя перамогі. Другое месца ў Елізаветы Шчарбацэвіч з САШ №8, “бронзу” заваявала Вольга Бялова з САШ №7. У хлопчыкаў Арцём Дзямбоўскі з САШ №7 заняў другое месца.

Як нам паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў Сцяпан Давідзюк, першынство такога ўзроўню мае даволі высокі статус. Лепшыя спартсмены па выніках гульняў не толькі атрымаюць спартыўныя разрады, але і адправяцца на тры рэспубліканскія  спаборніцтвы: па вокамгненнай гульні (“Бліц”) і па хуткіх шахматах (“Рапід”), якія будуць праходзіць з 25 па 27 сакавіка ў сталіцы, а таксама на спаборніцтвы з класічным кантролем у Оршу.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: кобрынскія трэнеры Людміла Мартынюк (злева) і Таццяна Сварцэвіч у час спаборніцтваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *