Плённа працуюць – дастойна жывуць

    Вёска Хідры заўсёды выдзялялася сваёй добраўпарадкаванасцю, утульнасцю і стабільнасцю развіцця. Яшчэ ў 1969 годзе тут у дамах сяльчан з’явіўся прыродны газ, а некалькімі гадамі пазней пабудавалі плавальны басейн – тады не ў кожным горадзе мелі такі аб’ект. Вёска Хідры з’яўляецца цэнтрам сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Узыходзячая зара”. Гэта эканамічна моцнае сельгаспрадпрыемства, якое займаецца вырошчваннем збожжа, вытворчасцю малака і мяса. Прычым землі тут не з лепшых. Па зямельнай плошчы гаспадарка займае 5 працэнтаў у раёне і ў той жа час вырабляе 20 працэнтаў валавой сельгаспрадукцыі. З іх 10 працэнтаў малака і 30 – мяса. Летась па вытворчасці малака кааператыў займаў другое месца ў вобласці і шостае – у рэспубліцы, выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі склала 22 мільярды рублёў.
    Стабільная эканоміка гаспадаркі дазваляе значныя сродкі затрачваць на добраўпарадкаванне і паляпшэнне ўмоў жыцця на сяле. Цяпер у аграгарадку Хідры ёсць Дом культуры, цудоўны спартыўны комплекс, дзіцячы сад, амбулаторыя са стаматалагічным кабінетам, пральня, комплексны прыёмны пункт, сталовая, лазня-саўна, плавальны басейн, шэраг магазінаў. Умовы жыцця сялян у аграгарадку мала адрозніваюцца ад гарадскіх.
    Працуюць у СВК адукаваныя спецыялісты, сапраўдныя гаспадары зямлі. Напрыклад, з 70 механізатараў 95 працэнтаў маюць першы клас і могуць працаваць на любой тэхніцы. Ды і ў жывёлагадоўлі шмат майстроў сваёй справы. Для людзей створаны добрыя ўмовы працы.
    Сярэднямесячная заработная плата за мінулы год склала 695 тысяч рублёў, а ў гэтым годзе за люты – 780 тысяч. Аператары машыннага даення і механізатары атрымліваюць у месяц 1 мільён рублёў і болей. Умовы працы і быту прывабліваюць моладзь. Да прыкладу, на малочнатаварнай ферме Каташы, дзе ўстаноўлена навейшае даільнае абсталяванне, укаранёна камп’ютэрызацыя, працуюць усе маладыя жывёлаводы. І на іншых фермах людзі дабіваюцца добрых вынікаў. Узяць, да прыкладу, перадавых даярак, якія працуюць на малакаправодзе і атрымліваюць за 20 дзён 33 тоны малака.
    Аператары машыннага даення Галіна Дунда і Валянціна Гардун займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці і атрымалі за мінулы год ад кожнай каровы больш як 9 тысяч кілаграмаў малака. Валянціна Гардун 8 сакавіка разам з дэлегацыяй вобласці ездзіла ў Мінск на сустрэчу з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Ды і наогул хідрынская зямля багата на славутых працаўнікоў. Тут выраслі два Героі Сацыялістычнай Працы, шмат ардэнаносцаў, кіраўніку СВК Івану Тарасюку і былому галоўнаму заатэхніку Зоі Дубінка прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”.
    У СВК “Узыходзячая зара” клапоцяцца аб тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку. Кожны месяц, акрамя іншых ільгот, пенсіянерам за выслугу гадоў і за ўзнагароды плацяць дадатковую пенсію, бясплатна выдаюць збожжа, дапамагаюць назапасіць на зіму бульбу і агародніну. Не забываюць тут і пра падрастаючае пакаленне. Так, вучням, якія паспяхова вучацца, выплачваюць стыпендыі, сярод іх ёсць і павышаныя за выдатную вучобу. Вось і нядаўна за трэцюю чвэрць пералічана Хідрынскай СШ тры мільёны рублёў. Для моладзі ўзводзіцца жыллё. За апошнія гады пабудаваны 21 дом сядзібнага тыпу. Праўда, маладыя сем’і аддаюць перавагу будаўніцтву ўласных дамоў. Дарэчы, на чарзе на паляпшэнне ўмоў жылля стаяць зараз усяго чатыры сям’і, якія маюць дзяцей і жадаюць памяняць кватэру на асобны дом.
    — Зразумела, што далейшае павышэнне дабрабыту нашых сялян залежыць ад узроўню развіцця сельгаспрадпрыемства, — гаворыць намеснік старшыні кааператыва Таццяна Дземідзюк. – Таму ўжо ў гэтым годзе плануем валавы збор збожжа разам з кукурузай давесці да 10 тысяч тон, павялічыць пагалоўе кароў да 1000 галоў і надаіць ад кожнай 8160 кілаграмаў малака. Што тычыцца добраўпарадкавання населеных пунктаў, навядзення парадку на зямлі, то гэтай работай мы займаемся пастаянна. Вось і цяпер вядзецца рэканструкцыя адміністрацыйнага будынка, дзіцячага садка, Дома культуры. Плануем заасфальтаваць машынна-трактарны двор, некаторыя вуліцы, рэканструяваць плошчу, пакласці плітку на тратуары. З дапамогай гаспадаркі ў цэнтры вёскі Хідры будуецца царква. У вёсках мяняем агароджы на бетонныя, прычым палову іх кошту аплачвае сельгаскааператыў. Мабыць, некаторыя скептыкі лічаць, што наш аграгарадок добраўпарадкоўваецца для таго, каб розным дэлегацыям і гасцям можна было паказваць. Наконт гэтага магу заверыць, што ствараем мы дабрабыт перш за ўсё для сябе. Адным словам, як працуем, так і жывем. А прыгажосць і дабрабыт свой, я лічу, не сорамна паказаць і гасцям.
    Аляксей САЦУК.
    НА ЗДЫМКАХ Анатолія ШУГАЯ: прыём вядзе загадчыца Хідрынскай амбулаторыі Галіна Дубінка; яшчэ адзін дом узводзіцца на вуліцы Маладзёжнай, дзе аблюбавалі сабе месца пад гняздо буслы; ідуць заняткі ў спартыўным комплексе; маладая змена.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *