За карыснымі ведамі – у ДТСААФ


Пачынаючы з 18 верасня 2010 года на базе  Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры  ДТСААФ працягваецца навучанне курсантаў у ваенна-патрыятычным гуртку “Юны вадзіцель”. Як сведчыць кіраўнік гэтага аб’яднання, настаўнік фізкультуры гімназіі г. Кобрына Аляксандр Кузьміч, рабяты з задавальненнем  і ахвотай асвойваюць шэраг спецыяльных дысцыплін і прадметаў – статуты Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, абавязкі прызыўніка, страявую і агнявую падрыхтоўку. Акрамя гэтага, вывучаюцца правілы дарожнага руху, у тым ліку і на персанальных камп’ютарах з адпаведным праграмным забеспячэннем, а таксама практычнае кіраванне аўтамабілем на аўтадроме. Старшыня Кобрынска-Маларыцкай РАС ДТСААФ Уладзімір Шпендзік паведаміў, што сёлета ўпершыню кожнаму выпускніку гуртка “Юны вадзіцель” прадастаўляецца магчымасць здаваць экзамен на права кіравання скутэрам, а таксама прадугледжваюцца істотныя скідкі пры аплаце за навучанне па асноўных вадзіцельскіх катэгорыях.

У межах месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы гурткоўцы прымалі актыўны ўдзел у спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і ў спартакіядзе. А зусім нядаўна з захапляючай экскурсіяй яны пабывалі ў Пружанах на верталётнай авіябазе, азнаёміліся з характарам вайсковай службы, устройствам баявой паветранай тэхнікі.  Летам у в. Верхалессе плануецца правесці зборы ванна-патрыятычнага лагера “Юны вадзіцель”, дзе атрыманыя веды рабяты будуць прымяняць на практыцы.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Кузьміч з гурткоўцамі РАС ДТСААФ у час заняткаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *