Надзейна яднае творчасць

Менавіта гэтая думка і стала ключавой у час правядзення 20 сакавіка ў Кобрынскім Палацы культуры круглага стала па абмене вопытам работы ў вясковых тэрытарыяльных суполках Украіны і Беларусі ў рамках праекта “Праз вывучэнне культуры суседняга народа  — да ўстойлівага партнёрства і разумення”.

Нагадаем, што ён рэалізуецца па праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга Партнёрства “Беларусь -Украіна”, якая фінансуецца Еўрапейскім саюзам. У мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя Украіны на чале са старшынёй Забалаццеўскага пасялковага Савета Валерыем Свіржэўскім. У інтэрв’ю “КВ” ён адзначыў, што культуры двух брацкіх народаў вельмі багатыя. І адна з мэт праекта – прадэманстраваць, як развіваецца творчая галіна Забалацця, прэзентаваць напрацоўкі перш за ўсё юных артыстаў, на якіх ва ўкраінскай дзяржаве робіцца галоўная стаўка. Адзін з яркіх прыкладаў гэтаму – нядаўняе выступленне забалаццеўскіх юнакоў і дзяўчат у аграгарадку Дзівін з тэатралізаванай пастаноўкай “Лесіна казка”, якая выклікала шырокі грамадскі рэзананс і сабрала ў зале мясцовага Дома культуры нямала прыхільнікаў мастацтва.

Сардэчна вітала гасцей на кобрынскай зямлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук. Надзея Віктараўна ў аналітычным выступленні дала агульную характарыстыку развіцця культуры ў Кобрынскім раёне. Праілюстравала на рэальных прыкладах, як ажыццяўляецца дзяржаўная падтрымка развіцця творчай галіны ў раёне, як мясцовыя ўлады спрыяюць станаўленню таленавітай моладзі і рэалізацыі адукацыйных культурных мерапрыемстваў, у тым ліку і для самых маленькіх, на якім узроўні знаходзіцца матэрыяльная база ўстаноў культуры і як ствараюцца спрыяльныя ўмовы для творчага росту ўсіх слаёў насельніцтва.  

Гарманічна дапоўнілі выступленне Надзеі Жук спецыяліст метадычнага цэнтра Вольга П’янцава, якая расказала прысутным аб культурных традыцыях Дзівінскага рэгіёна, у тым ліку і вясельных абрадах , дзе значнае месца займае ўбор лелікаўскай свахі. Аб адраджэнні народнай творчасці і распаўсюджання нацыянальных традыцый паведаміла дырэктар Дзівінскага Дома рамёстваў Наталія Клімук. А дырэктар Кобрынскай раённай кінавідэасеткі Жанна Другак расказала, як арганізоўваецца паўнавартасны вольны час грамадзян, як прасоўваецца нацыянальны кінапрадукт. Як адзначылі ўкраінскія госці, кабрынчанам ёсць чым ганарыцца і ёсць што прэзентаваць сваім партнёрам.

Менеджар праекта з украінскага боку Наталля Кролік паведаміла, што планаў на перспектыву шмат. Наступны этап праекта  плануецца правесці ў Дзівіне ўжо ў красавіку. Гэта будзе майстар-клас па роспісе пасхальных яек. Украінскія майстры жадаюць прадэманстраваць беларусам, як яны гэта робяць на Ратнаўшчыне. У далейшых планах – правесці сумесны адпачынак дзяцей у лагеры на тэрыторыі Дзівінскага сельсавета. А восенню прадстаўнікі Беларусі плануюць прыехаць да калег з Украіны з прэзентацыяй  праграмы класічнай і сучаснай  музыкі.     

Раман Мельнік.

НА ЗДЫМКУ Дзмітрыя Бялова: Надзея Жук з Наталляй Кролік у цэнтры абмяркоўваюць вынікі круглага стала.

 

  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *