Галоўнае – душою не старэць


Менавіта гэтыя словы можна ў поўнай меры назваць дэвізам  конкурснай праграмы  “Мадам Вясна”, якая адбылася нядаўна ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага ТЦСАН. Удзельніцы выдатна прадэманстравалі ўсім гасцям свае самыя разнастайныя таленты і яшчэ раз пацвердзілі, что не дарэмна іх узрост у народзе называецца залатым.

Для таго, каб атрымаць перамогу, патрэбна было прайсці праз шэраг выпрабаванняў — ад самапрэзентацыі, творчых заданняў і інтэлектуальных пытанняў  да пошукаў выйсця са складанай жыццёвай сітуацыі. Вялікае задавальненне ва ўсіх прысутных выклікаў і конкурс, на якім прэтэндэнткі спаборнічалі ў кулінарным майстэрстве – трэба адзначыць, што і стравы, і сервіроўка стала ва ўсіх канкурсантак атрымаліся проста выдатна.

Як справядліва адзначалі ўдзельніцы конкурснай праграмы, людзі даволі часта ставяцца да свайго ўзросту з пэўнай доляй збянтэжанасці. Між тым, у кожным жыццёвым перыядзе ёсць свае, ні на што не падобныя радасці. Галоўнае – не старэць душою, сустракаць з аптымізмам кожны новы дзень і проста цаніць жыццё, таму што менавіта яно на самой справе з’яўляецца нашым найвялікшым дарам.

Мерапрыемства прайшло ў сапраўднай святочнай атмасферы. Выдатным падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне вакальнай групы “Сустрэча”. Што ж датычыцца пераможцаў, то імі сталі ўсе ўдзельніцы – кожная ў сваёй намінацыі. Тытул “Мадам Вясна” заслужана атрымала Вера Лаўрова, “Мадам Зачараванне” – Ніна Рабчынская, а “Мадам Элегантнасць” стала Бэла Бікбаева.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *