Да сяўбы – гатовы!

Нягледзячы на тое, што зіма неахвотна здае свае пазіцыі, кожны новы дзень набліжае аграрыяў да самай адказнай пары, якая закладвае асновы будучага ўраджаю. Менавіта таму вясенняя сяўба патрабуе поўнага засяроджвання. Пра гэта добра ведаюць у ААТ “Стрыгава”.

 

 

Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Марціновіч, сёлета ў ААТ “Стрыгава” налічваецца 1900 гектараў пасяўных плошчаў, у тым ліку 600 гектараў будзе адведзена пад раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры. Акрамя таго, будзе пасеяна 100 гектараў кукурузы на зерне і 800 гектараў на зялёную масу, а таксама 100 гектараў аднагадовых траў і 300 гектараў буракоў.  

Паралельна з пасяўной будзе весціся падкормка азімых – у тым ліку ў гаспадарцы пасеяна 120 гектараў азімай сурэпіцы, каля 350 гектараў займаюць азімыя на зялёны корм. Таксама калійныя і азотныя ўгнаенні плануецца ўнесці пад пашу. Для паляпшэння якасці гэтага працэсу ў бягучым годзе плануецца закупка агрэгата для ўнясення ўгнаенняў і ядахімікатаў “Раса”.

Актыўна вядзецца ў гаспадарцы і падрыхтоўка тэхнікі – на мехдвары на момант нашага візіту кіпела работа. Як расказаў галоўны інжынер Яўген Дацук, да вясенняй сяўбы тут было адрамантавана 2 культыватары, 2 сеялкі і пасяўны агрэгат, 3 выраўноўвальнікі, агрэгаты для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, закуплены расходныя матэрыялы і неабходныя камплектуючыя. Акрамя таго, рамонт прайшлі 4 трактары “МТЗ-1221” і 1 энерганасычаны “МТЗ-3022”. Адным словам, да вясенняй сяўбы стрыгаўскія аграрыі падыходзяць з упэўненым рабочым настроем. Застаецца толькі дачакацца сапраўднай вясны.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара (злева направа): галоўны інжынер Яўген Дацук і механізатары Анатолій Шугай, Іван Баранчук, Васіль Каляда, Сяргей Клец на мехдвары ААТ “Стрыгава”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *