Узнагароджаны ордэнам Маці

Цудоўныя віншаванні з вясновым святам гучалі напярэдадні 8 Сакавіка ў адрас жанчын Кобрыншчыны са сцэны Кобрынскага Палаца культуры. Святочны канцэрт “Жанчына. Каханне. Вясна” сабраў вялікую колькасць гледачоў і таленавітых артыстаў, якія прысвяцілі свае лепшыя і шчырыя словы, музычныя і харэаграфічныя падарункі самым дарагім людзям — маці.

Яркім акордам свята стала ўшанаванне жанчын, якія ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі атрымалі ордэн Маці. Гэты высокі знак мацярынскай доблесці атрымалі Ірына Вайтовіч з аграгарадка Гарадзец і Алеся Жолах з вёскі Быстрыца, з якімі нам давялося пазнаёміцца ў час урачыстасці.

Алеся Жолах – малодшая медыцынская сястра Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Разам з мужам Віталіем Мікалаевічам яна выхоўвае трох дачок і двух сыноў. Старэйшая дачка Крысціна вучыцца ў Мінскім фінансава-эканамічным каледжы, сыны Арцём, Максім і дачка Кацярына наведваюць СШ № 6 г. Кобрына. А самай маленькай Мілане толькі споўнілася 3 гады. Пакуль бацькі на рабоце, дзяўчынку даглядае бабуля. У сям’і Жолах пануе добразычлівая, спакойная атмасфера, уся энергія дарослых накіравана на стварэнне вакол кожнага дзіцяці атмасферы любові і ўзаемаразумення. «Мы робім усё для таго, каб нашы дзеці выраслі добрымі, спагадлівымі і шчырымі людзьмі, творчымі асобамі, таму імкнемся даць ім усё, што можам, і нават крышачку больш», — дзеліцца сакрэтамі сямейнага выхавання шчаслівая маці, якая штодня радуецца новым поспехам і дасягненням  сваіх дзяцей.

Ірына Вайтовіч – сацыяльны работнік ДУ “Кобрынскі тэрытарыяльны  цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Разам з мужам Аляксандрам Іванавічам яна выхоўвае чацвярых сыноў і дачку. Старэйшы сын Іван – студэнт першага курса Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, меншыя Яўгеній, Аляксей і Аляксандр – вучні ДУА «Гарадзецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа». Дачка Анастасія — дашкольніца.  “Я вельмі ўдзячна кіраўніцтву нашай краіны за высокую ўзнагароду, — адзначыла Ірына Васільеўна. — Мы адчуваем клопат дзяржавы, шчыра дзякуем за  льготы, якія прадастаўляюцца шматдзетным сем’ям”.

Намеснік старшыні Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Валянцін Трубчык у час уручэння высокіх узнагарод адзначыў, што выхоўваць будучае пакаленне, якому далей будаваць і ўмацоўваць нашу дзяржаву, — самы важны ўклад кожнай жанчыны ў развіццё краіны, і праца жанчыны-маці падобна сапраўднаму подзвігу.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: Ірына Вайтовіч і яе дружная сям’я;  Алеся Жолах у час узнагароджання.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *