Новы дэпутацкі корпус сфарміраваны

Работнікі ўстаноў адукацыі, культуры, навукі і аховы здароўя, прамысловасці, транспарту, банкаўскай справы і дзяржаўных органаў, ваеннаслужачыя і прадстаўнікі праваахоўных органаў – менавіта такі склад мае новы дэпутацкі корпус, першая сесія якога прайшла 13 сакавіка. У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, намеснікі старшыні, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Работа дэпутацкага корпуса – вельмі сур’ёзная і важная, тым больш – у год малой радзімы. Яна ўключае набор адміністрацыйных і юрыдычных працэдур, якія забяспечваюць жыццядзейнасць раёна, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – За мінулыя чатыры гады мы многаму навучыліся. Выдатны вопыт, а ў новым Савеце прысутнічаюць дэпутаты, якія працавалі ў Савеце мінулага склікання, трэба выкарыстоўваць далей.

Згодна з першым пытаннем парадку дня старшынёй Савета дэпутатаў тайным галасаваннем аднагалосна быў абраны дэпутат па Паркавай выбарчай акрузе № 4 Іван Даўжук, якому пад апладысменты прысутных старшыня раённай выбарчай камісіі Андрэй Воран перадаў права вядзення сесіі. Іван Аляксеевіч падзякаваў прысутным за давер і выказаў надзею, што новы дэпутацкі корпус будзе з’яднаны ў рабоце, скіраванай на дабрабыт Кобрыншчыны і кабрынчан.

— Перад намі стаяць шматлікія задачы, на дэпутацкі корпус сёння ўскладваюцца пэўныя надзеі, — падкрэсліў Іван Даўжук. – Пытанні, якія патрабуюць вырашэння, сёння ёсць у самых розных сферах жыцця нашай Кобрыншчыны, у тым ліку — працаўладкавання грамадзян, цэнаўтварэння, добраўпарадкавання і многіх іншых. Спадзяюся, што работа новага дэпутацкага корпуса  ў цесным супрацоўніцтве з райвыканкамам, а таксама ўсімі арганізацыямі і службамі Кобрыншчыны будзе эфектыўнай і прадуктыўнай.

На працягу першага пасяджэння сесіі быў выбраны намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, якім стаў дэпутат па Дзяржынскай выбарчай акрузе № 3, дырэктар СШ № 2 Аляксандр Кудраўцаў. Таксама дэпутаты прагаласавалі за склад чатырох пастаянных камісій – мандатнай, па пытаннях законнасці, аховы грамадскага парадку і захавання правоў і свабод грамадзян; па пытаннях бюджэту і сацыяльна-эканамічнага развіцця; па аграрных пытаннях, экалогіі і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва і абралі прэзідыум. Апошнім пытаннем стала зацвярджэнне плана работы раённага Савета дэпутатаў, які ахоплівае ўсе сферы жыцця Кобрыншчыны і з цягам часу будзе папаўняцца новымі пунктамі ў адпаведнасці з практычнай неабходнасцю, а значыць – і новымі добрымі справамі. Па ўсіх пытаннях павесткі дня былі прынятыя адпаведныя рашэнні.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *