Куточак гісторыі ў Мінянцы

d184d0bed182d0bad0b8-10-038

    Нямецкая каска, прабітая кулямі, гільзы ад артылерыйскіх снарадаў, кулямётныя ленты, лісты з фронту… А вось і салдацкая фляжка – хто ведае, магчыма, менавіта з яе ў час Вялікай Айчыннай вайны заспакойваў смагу хтосьці з абаронцаў нашай Радзімы?
    Усё гэта – і многае іншае можна пабачыць у музеі Мінянскай сярэдняй экалагічнай школы, які існуе тут з 2002 года. Экспазіцыя пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі, штогод сюды ўпершыню прыходзяць дзеці, якія толькі пачынаюць знаёміцца з гісторыяй і традыцыямі сваёй краіны.
    — Наш музей дзеліцца на тэматычныя пакоі, — расказвае Ганна Мішчук, выкладчык беларускай мовы і літаратуры. – Гісторыя вёскі, экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны, экалагічны аддзел, пакой народнага касцюма, вышыванкі і ткацтва, а таксама асобны пакойчык – мы яго называем беларускай хаткай.

І

    чаго толькі няма ў гэтай самай хатцы! Адзенне, прылады быту, стары самавар, з якога, дарэчы, вельмі любілі піць чай мясцовыя вучні, плеценая дзіцячая люлька… Як адзначыла Ганна Мішчук, для дзяцей гэты куточак сівой даўніны – адно з самых любімых месцаў у школе. І экспанаты сюды прыносяць таксама дзеці – якія, дарэчы, разам са сваімі настаўнікамі займаюцца пошукавай і фальклорнай работай, а адначасова з’яўляюцца яшчэ і экскурсаводамі. Працуе і свой гурток “Спадчына”, які з задавальненнем наведваюць дзеці, якія жадаюць больш падрабязна пазнаёміцца з культурай і традыцыямі продкаў.
    Часта ў Мінянскі музей прыязджаюць госці. Ацанілі яго нават прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, якія былі тут некалькі гадоў таму. Былі наведвальнікі і з-за мяжы – у прыватнасці, з далёкай Швецыі. Ім, са слоў Ганны Міхайлаўны, больш за ўсё спадабалася ў пакоі народнага ткацтва – там, дарэчы, знаходзіцца цалкам рабочы ткацкі стан, на якім таксама любяць папрактыкавацца вучні школы.
    Але музей у Мінянскай школе працуе не проста па прынцыпу “прыйшоў – паглядзеў” — тут пастаянна праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Гуканне вясны, вячоркі, ды і проста тэматычныя ўрокі не пакідаюць раўнадушным літаральна нікога. І месцам разнастайных семінараў Мінянская школа станавілася ўжо не аднойчы. А нядаўна прымалі ўдзел у раённым фестывалі народнага мастацтва.
    Як адзначыла на развітанне Ганна Мішчук, ролю падобных музеяў ва ўстановах адукацыі пераацаніць цяжка. І справа тут не толькі ў тым, што ажываюць урокі, а вучні на ўласныя вочы бачаць тое, аб чым пішуць падручнікі. Менавіта тут – у школьных музеях з першага класа, з самага першага ўрока ведаў пачынаецца вывучэнне роднага краю, веданне сваіх каранёў, любоў да сваёй духоўнай спадчыны.
    Дзмітрый БЯЛОЎ.
    Фота аўтара і з архіва Мінянскай СЭШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *