…І цэлае мора кветак!

Яны займаюць значныя пасады, развіваюць унікальныя ініцыятывы, кіруюць буйнейшымі прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, але ў той самы час застаюцца ласкавымі і пяшчотнымі чараўніцамі, дзякуючы якім нам, мужчынам,  заўсёды хочацца хутчэй вяртацца дадому. Таму што яны – нашы любыя жанчыны, дзеля якіх мы гатовы практычна на ўсё. Пашыраная пасяджэнне прэзідыума Кобрынскага раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” нядаўна прайшло на аграэкасядзібе “Палескія традыцыі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Раман Мельнік.

Вельмі радасна, што акрамя выканання сваіх непасрэдных прафесіянальных абавязкаў многія жанчыны знаходзяць сілы, каб ажыццяўляць грамадскую дзейнасць, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – І нам, мужчынам, вельмі прыемна выказаць ім словы самай глыбокай павагі, і з задавальненнем адзначыць, што вельмі многія рэчы ў гэтым свеце яны робяць лепш за нас.

Як падкрэсліла старшыня Кобрынскага РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Лілія Страчук, сёлета адзначаецца дзесяцігоддзе конкурсу “Жанчына года”, і ўсе прысутныя атрымалі выдатную магчымасць пазнаёміцца з удзельніцамі конкурсу ад Кобрыншчыны. Дарэчы, у мінулым годзе, калі адзначалася 25-годдзе Беларускага саюза жанчын, Кобрынская раённая арганізацыя стала лепшай у Брэсцкай вобласці. Як справядліва адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, на Кобрыншчыне сёння сфарміраваўся выдатны жаночы актыў, які прымае ўдзел у мностве самых разнастайных мерапрыемстваў і падзей. Пасяджэнне адбылося напярэдадні 8 сакавіка. Свой уклад у святочны настрой унёс старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік, які падарыў удзельніцам пасяджэння семдзесят пяць жывых кветак.

— Дзякуючы жанчынам наша дзяржава развіваецца і жыве, — адзначыў Раман Васільевіч. – Яны дораць нам імпэт, каханне, і жыццёвую энергію, выхоўваюць дзяцей. Вельмі хочацца, каб кожны дзень нашых жанчын заўсёды пачынаўся і заканчваўся добрай і шчырай усмешкай, а побач з імі заўсёды былі сапраўдныя мужчыны, здольныя падтрымаць у любы момант.

Пасяджэнне прайшло ў добрай і шчырай атмасферы. Урачыстым акордам мерапрыемства стала ўзнагароджанне самых актыўных прадстаўніц раённага аддзялення БСЖ і святочны канцэрт.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: (справа налева) Раман Мельнік уручае кветкі намесніку старшыні абласной арганізацыі ГА “БСЖ” Ірыне Арабей, старшыні абласной арганізацыі ГА “БСЖ” Валянціне Пух і старшыні Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Ліліі Страчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *