Анатолій Калінін: “За кожнага спажыўца неабходна бароцца”

 

26 лютага ў райвыканкаме ажыццяўляў прыём грамадзян намеснік  прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолій Калінін. Таксама ўдзел у мерапрыемстве прынялі старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Церахаў,  начальнік Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі” Сяргей Кудравец, а таксама кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, арганізацый і ўстаноў Кобрыншчыны.

Спектр пытанняў, які хваляваў грамадзян быў шырокі, газіфікацыя дома ў прыватным сектары, прыватызацыя жылля, рамонт і будаўніцтва дарог, стварэнне  безбар’ернага асяроддзя і інш. Так, напрыклад, да Анатолія Калініна звярнулася ініцыятыўная група кабрынчан, якая пражывае па вул. Гетмана. Заяўляльнікаў турбавала пытанне будаўніцтва сетак каналізацыі. Кааператыў забудоўшчыкаў за свае грошы вырабіў праектна-сметную дакументацыю і гатовы аплаціць адпаведныя работы па пракладцы сетак водаадвядзення, але ў КУВП “Кобрынрайвадаканал”пакуль не гатовы прафінансаваць адпаведныя мерапрыемствы і  пабудаваць каналізацыйную помпавую станцыю, паколькі на гэтыя мэты не было прадугледжана грошай, і для тых, хто жадае атрымаць гэтую паслугу, існуе афіцыйная чарга. Намеснік прэм’ер-міністра даручыў мясцовым органам улады і адміністрацыі КУВП “Кобрынрайвадаканал” знайсці кампраміснае рашэнне дадзенага пытання, якое было ўзята на кантроль.

У інтэрв’ю прадстаўнікам мас-медыя  Анатолій Калінін падкрэсліў, што кожная арганізацыя незалежна ад формаў уласнасці, калі удзельнічае ў аказанні  паслуг, павінна сама шукаць кліента і ісці да яго, а не ставіць нейкія ўмовы. Залатое правіла, якое прадыктавана часам: за спажыўца неабходна бароцца, ісці першымі да яго. Гэта рэальны заробак той ці іншай арганізацыі. Менавіта так паступае ўвесь цывілізаваны свет.  Што датычыцца зваротаў грамадзян, то Анатолій Мікалаевіч адзначыў, што іх колькасць з кожным годам памяншаецца, а сутнасць пытанняў носіць больш прыватны характар. Намеснік прэм’ер-міністра звязвае гэту з’яву з недапрацоўкамі мясцовых улад. Тым не менш, існуюць і такія праблемныя моманты, якія немагчыма вырашыць і на ўзроўні ураду краіны, паколькі яны выходзяць за межы дзейнічаючага заканадаўства. 

Усяго ў той дзень да намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь звярнуліся восем жыхароў Кобрыншчыны, якія атрымалі кампетэнтныя адказы на свае пытанні. 

 

Раман МЕЛЬНІК.

На здымку: Анатолій Калінін.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *