Паказалі сябе найлепшым чынам

Для ўдзельнікаў узорнай вакальнай студыі “Крыніца”  Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці кожнае выступленне адзначаецца моцнымі ўражаннямі, якія за майстэрскае выкананне песень яны атрымліваюць ад удзячных гледачоў.  Вось і ўдзел у І адкрытым рэспубліканскім конкурсе юных вакалістаў, што праходзіў у рамках фестывальнага праекту «Zvezдочет» з 9 па 11 лютага ў Магілёве, падарыў  11  крынічанам-канкурсантам незабыўныя эмоцыі.

Выступленні на вялікай сцэне для ўдзельнікаў “Крыніцы”  — з’ява нярэдкая.  Юныя артысты актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных песенных конкурсах і фестывалях, што, па словах кіраўніка калектыву Аксаны Амельянюк, дае дзецям добры вопыт.  Пра конкурс у Магілёве  вакалісты “Крыніцы” даведаліся з сеткі інтэрнэт, і адразу падалі заяўку — асаблівую цікавасць да фестывалю выклікала тое,  што ў якасці суддзяў выступалі людзі, якія атрымалі прызнанне  на высокім узроўні: фіналісты телепраектаў  “Х фактар”, “Еўрабачанне”, “Голас”.

— Удзельнічаць у конкурсе, у якім вядзецца адкрытае галасаванне,  безумоўна,  складана.  Адна справа, калі артыст выступае і завочна  атрымлівае ацэнку,  і зусім іншая, калі цябе судзяць адразу на сцэне, — дзеліцца ўражаннямі Аксана Яўгеньеўна.  – Нашы дзеці – малайцы. Паказалі сябе найлепшым чынам.

Конкурс  праводзіўся ў намінацыях “Вакал” (эстрадны, акадэмічны, джазавы) і “Вакал народны”.   Вакальная група ў складзе  Ксеніі Швед, Анастасіі Верамейчык, Ірыны Амельянчук і Анастасіі Давідзюк ва ўзроставай  катэгорыі 12-13 гадоў  за песню “Ды ў святліцы” была адзначана  дыпломам І ступені. Для Ксеніі Швед  фестываль стаў сапраўды зорным:

высокую ацэнку журы  – дыплом ІІ ступені — яна атрымала за выкананне раманса “Зорка”.  За сольнае выступленне з песняй “Афганскі вальс” спецыяльным прызам “За волю да перамогі” была заахвочана і Ірына Амельянчук.  Упершыню адчула азарт ад выхаду на вялікую сцэну дзевяцігадовая Кацярына Марчук, і хоць у лік пераможцаў дзяўчынка не ўвайшла, яе выступленне члены журы ацанілі высокім балам.

— Канкурэнцыя была даволі высокая. Калі першапачаткова фестываль планаваўся на адзін дзень, то з-за вялікай колькасці заявак падоўжыўся на тры,- расказвае Аксана Яўгеньеўна. Разам з кабрынчанамі на сцэне выступалі вакалісты з Мінска, Калінкавічаў, Брэста, Мазыра і іншых гарадоў Беларусі. 

 

 

Людміла ДУБІНА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *