У гонар абаронцаў

З нагоды 23 лютага і 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на Кобрыншчыне прайшло шэраг мерапрыемстваў, але галоўным стала ўрачыстае ўскладанне кветак да абеліска ў скверы імя А. Марозава. Ганаровую місію выканалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук і ваенны камісар Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Ігар Круглоў.

Далей урачыстасці працягнуліся ў дзіцячай школе мастацтваў г. Кобрына, дзе сабраліся ветэраны, ваенныя, воіны-інтэрнацыяналісты і ўсе, хто па праве носіць імя абаронцаў Айчыны. У фае на яркіх промнях сонца блішчалі медалі на мундзірах ганаровых гасцей, якія з цікавасцю і лёгкай настальгіяй аглядалі выставу ваеннай формы. Успаміналіся ваенныя гады, гучалі віншаванні.

Да гасцей звярнуўся Ігар Круглоў, які падкрэсліў, што нягледзячы на цяжкія моманты гісторыі, беларускі народ ніколі не быў зломлены і пакароны. І сёння беларуская армія – армія, якой можна па праве ганарыцца, бо яна мае сучаснае ўзбраенне і з’яўляецца адной з самых баяздольных у Еўропе.

Ігар Круглоў адзначыў вялікую ролю  грамадскіх ваенных арганізацый раёна, якія вядуць рознабаковую работу па выхаванні патрыятызму маладога пакалення. Камісар павіншаваў усіх прысутных, а далей гасцям свята была падорана канцэртная праграма. Любімыя песні, прыгожыя мелодыі і цёплыя словы гучалі ў гонар тых, хто захоўвае мірнае яснае неба над нашай краінай.

 

 

 

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *