Дбайнасць грамадзян – залог спакою

Сёлета споўніўся роўна год з таго моманту, калі падпалкоўнік міліцыі Аляксей Кніга ўзначаліў аддзел крымінальнага вышуку. У яго склад уваходзяць 18 супрацоўнікаў.


— Лідзіруючую пазіцыю ў сумнай статыстыцы злачынстваў займаюць крадзяжы маёмасці ўсіх форм уласнасці, — расказвае Аляксей Кніга. —  І мы заўсёды звяртаемся, асабліва да простых грамадзян, каб былі ўважлівымі да сваіх рэчаў. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Кінутыя аўтамабілі на стаянках, якія не ахоўваюцца, – выдатны шанц для зламыснікаў пажывіцца. Летась у нас здарыўся выпадак, калі ўкралі аўтамабіль “Фальксваген-Пасат В4”, які каштаваў больш за 6000 долараў. Ён нават не быў абсталяваны элементарнай сігналізацыяй. Падазронымі па гэтай справе былі мужчыны з Кобрына, Брэста і Драгічына, якія, згуртаваўшыся, уважліва сачылі  за падобнымі аўтамабілямі і нават вывучалі распарадак дня аўтаўладальніка.  Усе яны былі асуджаны і атрымалі доўгія тэрміны пакарання. Падобныя ж групоўкі “адпрацоўваюць” не толькі прыватныя домаўладанні, але і кватэры шматпавярховых жылых дамоў. Так, напрыклад, за адну ноч у 2011 годзе зламыснікі абрабавалі адразу двух гаспадароў дома па вул. Савецкай.  Перш чым “ісці на справу”, доўга вывучалі сітуацыю, планавалі дзеянні. Траплялі яны ў кватэры праз балконы і вокны. Самае сумнае ў гэтай гісторыі тое, што суседзі не раз бачылі незнаёмых мужчын у пад’езде, але так і не паведамілі аб гэтым у міліцыю.

Аляксей Кніга свой вольны час прысвячае сям’і. Разам з жонкай Юліяй яны гадуюць трох сыноў – Мікіту, Арсенія і Данііла. Магчыма, у будучыні хлопцы працягнуць добрую традыцыю і стануць вартавымі парадку.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Аляксей Кніга .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *