Жывая вада Запрудскай крынічкі

    Мабыць, многія заўважылі на дарозе Брэст — Бяроза каля вёскі Запруды невялічкую сінюю шыльду – “Крыніца”. Згодна з паказальнікам паварочваем налева, робім невялічкі круг па грунтоўцы – і вось яна, мясцовая жамчужына.


d0bed0b1d189d0b8d0b9-d0bfd0bbd0b0d0bd

    Як успамінае старшыня Астроміцкага сельвыканкама Сяргей Пушко, калісьцi на гэтым самым месцы была панская сядзіба. Існавала і крынічка, абкладзеная каменнем. З цягам часу і шматлікімі гістарычнымі падзеямі яна паціху слабела, зарастала, пакуль канчаткова не згубілася…
    Натыкнуліся на яе, можна сказаць, выпадкова – калі ў другой палове 80-х гадоў экскаватар капаў у тым раёне асушальны канал. Калі ж людзі падышлі да свежавыкапанай канавы, то са здзіўленнем убачылі – па ўсёй яе даўжыні з дна білі дзесяткі, а можа і сотні маленькіх і вялікіх крынічак!
    З’явай зацікавіўся старшыня калгаса імя Леніна Мікалай Сідзюк.
    Каля самай моцнай крыніцы на першы час проста забетанавалі трубу ды паклалі дошку – так Запрудская крыніца атрымала сваё новае жыццё. Да яе прыходзілі людзі – хто проста ўмыцца, хто – набраць з сабою вады. Высветлілася, яна на самой справе мае карысныя якасці – каму ад праблем з печанню, каму – з ныркамі… Сярод тых, каму спадабалася жывая вада крынічкі, быў і кіраўнік ЗАТ “Інтэрбудсэрвіс” Валянцін Дамброўскі. Сіламі яго прадпрыемства на тэрыторыі каля крынічкі з’явілася невялікая каплічка, да самой вады зараз вядуць зручныя ступенькі. Была пабудавана нават купель – зараз у гаючай вадзе можна не толькі твар апаласнуць, але і цалкам акунуцца. Трохі пазней сіламі мясцовых жыхароў навакол была пабудавана агароджа.
    Не стрымаліся, паспрабавалі крынічнай вады і мы. Прызнацца, халодная яна аказалася – зубы заламіла! Але ў той дзень аж да самага вечара настрой у мяне быў проста цудоўны. Супадзенне, скажаце вы? Магчыма. Але Запруды не так далёка — чым дарэмна гадаць, лепш зайдзіце калі-небудзь да крынічкі самі…
    Дзмітрый БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *