Максім Субота: “Змяншэнне колькасці злачынстваў па лініі ўсіх службаў”

4 сакавіка – Дзень міліцыі


— Кобрынскі раённы аддзел унутраных спраў мае багатую гісторыю. Паводле  архіўных дакументаў, наша падраздзяленне было створана ў верасні 1939 года, калі ў горадзе часовае праўленне загадала арганізаваць гвардыю з ліку рабочых-добраахвотнікаў.  З цягам часу міліцыя ператварылася ў маналітную, зладжаную сілавую структуру.

На сучасным этапе асабовы састаў РАУС дасягае станоўчых вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці. За 2010 год выкрыта 681 злачынства і выяўлена 23757 правапарушэнняў. У мінулым годзе адбылося змяншэнне колькасці злачынстваў  па лініі ўсіх службаў. Так, летась па лініі крымінальнага вышуку ўчынена 508 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў (у 2009-м – 574).  У цэлым назіраецца скарачэнне злачынстваў, якія ўчыняліся ў грамадскіх месцах, у нецвярозым выглядзе, у групах, а таксама забойстваў, прычыненняў цялесных пашкоджанняў, разбояў, рабаванняў і крадзяжоў. Тым не менш, не змяншаецца колькасць выпадкаў хуліганства, махлярства, крадзяжоў з  жылля грамадзян, веласіпедаў, мабільных тэлефонаў.

Значнае месца ў штодзённай дзейнасці займае барацьба з крыміналам у сферы эканомікі — за 2010 год выяўлена 57 злачынстваў. Асобна хочацца падкрэсліць, што Кобрынскі РАУС шчыльна працуе над прафілактыкай фактаў карупцыйнай накіраванасці. Спадзяемся, што добрымі памочнікамі ў гэтым нам будуць самі грамадзяне, якія валодаюць адпаведнай дакладнай інфармацыяй.

Напэўна, наша размова была б няпоўнай, калі б я не ўзгадаў аб злачынствах па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, якіх летась было выяўлена 46. На жаль, па-ранейшаму вострай і балючай застаецца праблема алкагалізму і наркаманіі. На ўліку ў наркалагічным кабінеце стаяць 88 чалавек, з якіх тры — непаўналетнія. Супрацоўнікі міліцыі не толькі займаюцца выкрыццём такіх злачынстваў, але і вядуць буйнамаштабную прафілактычыную інфармацыйную работу з моладдзю ў навучальных установах, працоўных калектывах.

У мінулым годзе разгледжана 16509 зваротаў грамадзян рознага кшталту. Мы імкнемся падыходзіць да кожнай скаргі ці прапановы з максімальнай увагай, без фармалізму, у адпаведнасці з літарай закона.  Гуманнасць, высокі прафесіяналізм, вернасць сваёй справе дазваляюць працаваць зладжана і аддана. Хочацца адзначыць тых, хто дасягнуў высокіх вынікаў у службовай дзейнасці, – кіраўнікоў падраздзяленняў Пятра Зарэцкага, Сяргея Селяха, Аляксея Кнігу, Аляксея Гузнова, старшага следчага Дзяніса Сташука, оперупаўнаважаных аддзела крымінальнага вышуку Андрэя Расіча і Дзмітрыя Грыгарука, старшага інспектара ІСН Міхаіла Вайтовіча, оперупаўнаважанага АБЭЗ Руслана Бенідзесюка. Добрыя вынікі ў рабоце дэманструюць участковыя інспектары міліцыі Вадзім Рачка, Юрый Свідуновіч, Сяргей Жолах, старшы інспектар групы кадраў Віктар Турчыновіч, інспектар ДАІ Міхаіл Мазур і многія іншыя. Асобных слоў удзячнасці і павагі заслугоўваюць ветэраны РАУС. Віншую ўсіх  калег з надыходзячым прафесійным святам, жадаю здароўя, міру і дабрабыту. Для кожнага з нас задачай нумар адзін была і застаецца нязменнай вось ужо 70 гадоў абарона законных правоў і інтарэсаў грамадства і дзяржавы.

Раман Мельнік

фота аўтара

На здымку: Максім Субота

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Модели для выставок тут Москва