“Кобрынскі гармонік” у Песках

Нядаўна ў Пескаўскім Доме культуры ў рамках культурнага праекта «Кобрынскі гармонік» адбылося чарговае свята. Галоўнай падзеяй свята стала тэматычная канцэртная праграма «Ой, гармонік  мой, гармонік!», у час якой гледачоў пазнаёмілі з гісторыяй узнікнення гармоніка ў Еўропе, Расіі і Беларусі.

На сцэну выйшлі 16 музыкантаў рознага ўзросту, самы старэйшы з якіх — Іван Ляўчук з вёскі Гірск. Кобрынскі гарманіст Пётр Анціпаровіч прадэманстраваў унікальныя экзэмпляры гармонікаў з асабістай калекцыі і парадаваў гледачоў выкананнем папулярных мелодый.

Гарманісты не толькі выдатна ігралі, але і добра спявалі. Гэта ў чарговы раз пацвердзілі ўдзельнікі праграмы: Алена Марчук, Міхаіл Крачка, Валерый Шаўчук. Ноткі весялосці і запалу дадалі ў святочную праграму мясцовыя выканаўцы прыпевак Антаніна Крачка, Валянціна Вайцяховіч і гарманіст Аляксандр Вайцяховіч. З авацыямі сустракалі гледачы вакальны калектыў Корчыцкага клуба, які ўпрыгожыў свята цудоўнымі спевамі. Госці з Брэста Іван Чайка і Пётр Ражбіцкі пакарылі залу выкананнем прыгожых песень. З задавальненнем слухалі гледачы выступленні брэсцкіх гарманістаў Генадзя Сушко і Вячаслава Ракала.

Як заўсёды, парадаваў гледачоў ансамбль «Кобрынскі гармонік», які з кожным канцэртам набывае ўсё новых прыхільнікаў і паслядоўнікаў — у гэты раз да калектыву далучыўся яшчэ адзін удзельнік, ураджэнец вёскі Клятышча, жыхар горада Бяроза – гарманіст Аляксандр Люльковіч.

У апошнюю нядзелю лютага гарманісты прыедуць у Залескі цэнтр культуры і вольнага часу, дзе будзе наладжана  тэматычная праграма з нагоды  Дня абаронцаў Айчыны.

Вольга П’янцава, загадчык аўтаклуба ДзУК ”Кобрынская раённая клубная сістэма”.

НА ЗДЫМКАХ з архіва аўтаклуба.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *