Хварэем за «ADAGIO»!

На старонках “КВ” мы расказвалі пра гурт «ADAGIO», які 16 лютага прыме ўдзел у фінале адборачнага тура конкурсу “Еўрабачанне-2018”. Нагадаем, што сярод салістаў гурта Аляксандр Гелах, які напярэдадні адказнага канцэрта прыехаў разам са сваім прадзюсарам Яўгенам Алейнікам на творчую сустрэчу ў Кобрынскую дзіцячую школу мастацтваў, дзе ў свой час набываў музычную адукацыю.

Аляксандр – саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра опера і балета Рэспублікі Беларусь, лаўрэат шматлікіх конкурсаў. Маладому чалавеку перад адказнай справай, безумоўна, патрэбна эмацыйная падтрымка, і ў першую чаргу тых людзей, якія дапамагалі яму сталець у музыцы.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук, педагогі Кобрынскай музычнай школы, навучэнцы ўстановы і іншыя госці сабраліся ў зале, каб пагутарыць з таленавітым спеваком. Па вачах Аляксандра было відаць, што ён вельмі расчуліўся, апынуўшыся ў сценах роднай школы.

У час гутаркі ўспомнілі, што выступленні таленавітага земляка пачыналіся з прыгожай дзіцячай песні “Аблокі”, з якой не раз ён прадстаўляў родную ўстанову на розных конкурсах. Гасцей цікавіла не толькі выступленне ў фінале адборачнага тура  “Еўрабачання”, але і творчасць таленавітага земляка наогул.

Аляксандр падзяліўся ўражаннямі аб самым першым выхадзе на вялікую сцэну, расказаў пра супрацоўніцтва з іншымі опернымі выканаўцамі.

Наконт беларускай мовы, на якой будзе выконвацца заяўленая на конкурс песня “Ты і я”, Аляксандр разам са сваім прадзюсарам Яўгенам Алейнікам выказаў думку, што многія недаацэньваюць мілагучнасць роднай мовы.

Шмат цёплых слоў гучала і ад педагогаў Аляксандра, якія ганарацца былым вучнем. Надзея Жук падкрэсліла, што яго талент заўважылі яшчэ тады, калі ён маленькім хлопчыкам адстойваў гонар Кобрына на адным з конкурсаў, што праходзіў у Польшчы.

Парадаваў Аляксандр і песнямі, выканаўшы ў тым ліку знакамітую кампазіцыю “O Sole Mio”.

Сустрэча атрымалася па-дамашняму цёплай. У канцы мерапрыемства кожны змог зрабіць фотаздымкі на памяць аб сустрэчы.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Надзея Жук вітае Аляксандра Гелаха і Яўгена Алейніка.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *