Навука жыць

— Самае страшнае з усіх навал на зямлі – гэта вайна,  і самае страшнае, што  вінаваты ў гэтай навале чалавек, у руках якога знаходзяцца ўсе карты,  расклад якіх залежыць толькі ад яго самога. Так, адным з нас суджана вяршыць лёсы іншых людзей, другім – быць у эпіцэнтры ванных дзеянняў, трэцім, на шчасце, ведаць пра вайну з  сціплых успамінаў сведкаў, — па-філасофску пачынае нашу размову Віктар Старыновіч. І ён, як  просты салдат тэрміновай службы, за плячыма якога назаўсёды засталіся два гады афганскага пылу, спёкі, адгалоскі аўтаматных чэргаў і свіст куль,  мае  поўнае права на свае сцверджанні.

Што канчатковай кропкай армейскай службы стане Афганістан, Віктар ужо ведаў на зборным пункце ў Брэсце. Шэсць месяцаў вучэбкі ва ўзбекскай Фергане ў параўнанні з астатнім часам службы праляцелі  як адзін дзень. Прысяга, невялікі пералёт, які нават не даў магчымасці як след паразважаць пра месца назначэння, і салдаты-навабранцы, у ліку якіх Віктар і яшчэ двое юнакоў з Брэстчыны ступілі на чужую зямлю.

-Яна, сапраўды, зусім для нас чужая. Я гэта адчуў адразу, і першыя   ўражанні мяне не падвялі. І нават не таму, што сустрэла варожа – трывожным рэхам з гор, незвычайным напружаннем у паветры… Чужая культура для нашага брата-славяніна, чужыя людзі са сваімі поглядамі і сваёй мараллю, — згадвае Віктар Сяргеевіч. — Яны не лепшыя і не горшыя за нас, проста – зусім іншыя, і зразумець іх немагчыма, можна толькі прыняць як факт.

Адчуць розніцу паміж юнацкімі марамі пра гераізм, подзвігі, вернасць Радзіме і рэальнасцю, калі табе якраз -такі і выпадае  шанец хай не здзейсніць подзвіг, але  паспытаць сябе, сваю волю і маральныя якасці,  на афганскай зямлі Віктар змог ужо на пачатку службы.  Асобны артылерыйскі полк 103 паветрана-дэсантнай дывізіі, у якую трапіў навабранец Віктар Старыновіч, дыслацыраваўся ў Кабуле.

— Той раніцай мы прачнуліся па трывозе. Кароткая каманда да збору не патрабавала лішніх каментарыяў. Некалькі хвілін, і дзве баявыя машыны і БТР, які я ўзначальваў, пакідаючы пасля сябе слуп пылу, несліся ў цясніну, на дапамогу калоне, якая аказалася “прыціснутай” душманамі, — расказвае  Віктар Старыновіч.

Праехаўшы некалькі кіламетраў па страшнай вузкай цясніне, у якую нават ранішняе сонца яшчэ не прабілася, перад хлопцамі разгарнуўся жудасны малюнак. Аўтатэхніка з уключанымі фарамі, гул незаглушаных рухавікоў, збоку — пачарнелы БТР, як заўважае Віктар, бы прывід з вайны, якая даўно ўжо закончылася. З людзей нікога нідзе не было відаць.

— Раптам дзесьці з боку абгарэлага БТРа  пачулася рэха чалавечага голасу. Хтосьці з нашых кінуўся туды. І тут пачалося… Не ведаю, ці выжылі б мы, калі б на дапамогу  не падаспеў полк, — змаўкае мой субяседнік.

Да змяркання потым  Віктар са сваёй камандай дапамагалі  раненым, выцягвалі з  машын забітых, узрывалі нетранспартабельную тэхніку.

Такім было першае баявое крышчэнне Віктара, а наперадзе яшчэ — амаль два гады  службы.

Як лічыць Віктар Старыновіч, ён выканаў адзін з самых галоўных абавязкаў, пастаўленых у першую чаргу  перад самім сабой, і абяцанне, дадзенае пасля прысягі бацькам сябра-земляка ,  — экіпаж яго БТРа з годнасцю і без ахвяр у ліку апошніх пакінуў афганскую зямлю 15 лютага 1989 года.

— Так, мы пакідалі змучаную доўгай вайной зямлю апошнімі, затрымаўшыся пасля заканчэння службы на паўгода. Пачуцці перапаўнялі не толькі ад таго, што, нарэшце, усё ўжо для нас закончылася, што ўся мая каманда жывая, але і ад таго, што на змену нам не заступяць навабранцы. Хай пра гэтую вайну яны даведаюцца толькі з нашых успамінаў, — змаўкае Віктар Сяргеевіч.

Радзіма сустрэла прывыкшага ўжо да спёкі Віктара хмурным надвор’ем і веснавым дажджом. Але што тое  халоднае надвор’е ў параўнанні з эмоцыямі, якія ахапілі яго пры спатканні з бацькамі, братамі і сёстрамі, пры судакрананні з роднай зямлёй, па якой калісьці ступала юнацкая нага, ад глытка роднага паветра.  З гэтага моманту пачалася другая старонка жыцця, але перажытае ў Афганістане для Віктара Сяргеевіча — вялікая навука –  любіць, сябраваць, служыць, марыць, радавацца і сумаваць. А ордэн Чырвонай Звязды і медаль “За адвагу”, шматлікія “ афганскія” фотаздымкі   — нямыя сведкі падзей амаль 30-цігадовай даўніны.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара і з архіва Віктара Старыновіча: Віктар Старыновіч; Віктар Старыновіч разам з саслужыўцамі.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *