На самым пярэднім краі

Армейскі спецназ – эліта ўзброеных сіл. Каб трапіць сюды, ва ўсе часы было мала простага жадання, патрэбны сур’ёзныя навыкі і вялікая воля — гэтыя людзі сустракаюць ворага першымі і выконваюць свае задачы ў вельіт складаных умовых. Такі шлях у свой час свядома абраў для сябе кабрынчанін Аляксандр Балановіч, які з 1987 па 1988 год праходзіў службу ў 370-м асобным атрадзе 22-й брыгады спецыяльнага прызначэння, у той час размешчаным у афганскім горадзе Лашкаргах.

— Галоўнай нашай задачай была барацьба з караванамі, якія везлі зброю, боепрыпасы, наркотыкі, а таксама знішчэнне бандыцкіх груп, якія пранікалі з тэрыторый Пакістана і Ірана, — успамінае Аляксандр Раманавіч. – Ускладняла сітуацыю тое, што фактычна ніякай мяжы з гэтымі краінамі Афганістан не меў, і зона адказнасці атрада была вельмі шырокая  — некалькі правінцый, дзве пустыні — пясчаная Рэгістан і камяністая Дашці-Марго, “зялёнка” каля ракі Гільменд і горы. А яшчэ — 28 караванных сцежак, па якіх разам з караванамі ішлі ўзброеныя групы бандытаў.

Як адзначае Аляксандр Балановіч, ахоўвалі караван звычайна банды па 15-20 баявікоў, падрыхтоўка якіх хоць і мела месца, аднак, зразумела, не ішла ў параўнанне з вывучкай спецназаўцаў. Са зброяй і боепрыпасамі, знойдзенымі ў караванах, было ўсё зразумела, хоць траплялася і “экзотыка” накшталт кітайскіх патронаў з разрыўнымі кулямі для аўтаматаў ці перанасных зенітных ракетных комплексаў. А вось што рабіць з наркотыкамі, разабраліся не адразу. Тыя байцы, хто сутыкнуўся з імі ўпершыню, спачатку ўвогуле думалі, што гэта нейкая мука. Атруту гэтую аблівалі саляркаю і палілі. Акрамя пошукаў з верталётаў спецназаўцы праводзілі разведку, пераапранаючыся “пад духаў”, рабілі засады на верагодных маршрутах караванаў – праз пясчаную пустыню Рэгістан праходзіла знакамітая Сарабандзірская сцежка. Выконваючы задачы, байцы ў далёкіх рэйдах забіраліся больш чым за 200 кіламетраў ад базы, часам даводзілася чакаць караван і па трое-пяцёра сутак на страшнай спякоце. Менавіта яна даймала байцоў больш за ўсё.

— Летам тэмпература да 50 градусаў, толькі раніцай добра, усяго каля 30, — расказвае Аляксандр Раманавіч. – Адчуваеш сябе нібы звараным, старэнькія “БТР-70” пастаянна “кіпелі”. Пакутавалі і людзі – у сярэднім на суткі кожны браў з сабою 3 літры вады. Акрамя вады, у падсумак клалі аўтаматычны станковы гранатамёт, асабістую зброю, амуніцыю, боепрыпасы – часам агульны цяжар груза, які нёс кожны, даходзіў да 50 кілаграмаў. Вады не хапала пастаянна, часам апошнюю дзялілі “пулькамі” – гільзамі калібра 12,7 міліметра. Бывала і так, што на момант падыходу каравана ад абязводжвання гатовымі да бою заставалася каля 30% ад групы.

Падтрымлівалі  атрад звяно верталётаў, ад майстэрства пілотаў якіх залежала вельмі многае, артылерыйская і мінамётная батарэя, танкавы і разведвальны ўзводы і пара “грачоў” – штурмавікоў “Су-25”. Аднак бывала і так, што ад смерці спецназаўцаў аддзялялі толькі цуд ды баявое братэрства. Менавіта гэтак здарылася ў час разведкі пераправы праз раку Герышк, калі разам з мінёрам Аляксандр Балановіч першымі пераплылі на другі бераг, каб разведаць умовы для пераходу асноўнай групы. А там байцоў ужо чакала засада маджахедаў – і толькі своечасовая дапамога сваіх дазволіла “першым ластаўкам” пад агнём вярнуцца назад. Тады, як адзначае Аляксандр Раманавіч, ён у поўнай меры зразумеў, як многа значыць на вайне падтрымка баявых сяброў. Пра той выпадак нагадвае медаль “За адвагу”, які выдатна дапоўніў вялікі спіс узнагарод. І сёння ён з удзячнасцю ўспамінае свайго камбата Уладзіслава Ерамеева і камандзіра сваёй групы лейтэнанта Валерыя Траўкіна (зараз – генерал-маёр запаса), які заўсёды гаварыў, што мала спланаваць ваенную аперацыю. Галоўнае – падрыхтаваць яе так, каб захаваць жыццё падначаленых. Выдатным пацвярджэннем гэтых слоў стаў той факт, што група Валерыя Траўкіна, у складзе якой намеснікам камандзіра служыў Аляксандр Балановіч, вярнулася з Афганістана без страт, у поўным складзе.

Удзячны Аляксандр Раманавіч свайму камандзіру і за жыццёвае крэда, якое захаваў на ўсё жыццё. Ён упэўнены — калі кожны воін усёй душой зразумее, чаму слова “Радзіма” пішацца з вялікай літары, а словы ваеннай прысягі  стануць сапраўднай клятвай, якая ідзе ад сэрца, краіне не будзе страшны ніякі вораг.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара і з архіву Аляксандра Балановіча;

НА ЗДЫМКАХ з архіва: Аляксандр Балановіч у мясцовым адзенні каля мінамёта; баявая група Валерыя Траўкіна (Аляксандр Балановіч – крайні справа); частка групы ў пустыні Рэгістан, 1987 год ; Аляксандр Балановіч у час дэмабілізацыі (1988 год).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *