Калі гульня вызначае лёс

Не так даўно ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Раданежскае” з’явіўся новы трэнер па футболе. Па словах дырэктара ўстановы Аляксандра Кунаца, ён ужо паказаў свой патэнцыял і працаздольнасць.

З Сяргеем Соўпелем мы сустрэліся ў футбольным манежы СШ № 2 г. Кобрына, дзе праходзіла трэніроўка хлопчыкаў.

Шырокая прыгожая ўсмешка трэнера адразу паспрыяла да адкрытай размовы. Малады чалавек з ахвотай расказаў, што марыў стаць трэнерам з дзяцінства.

— Недзе ў дзесяць гадоў я пачаў наведваць секцыю па футболе ў спартыўнай школе. Мне падабалася, як гуляе беларускі клуб “БАТЭ”, было на каго раўняцца. Футбол мяне захапіў цалкам, таму і свой працоўны шлях вырашыў звязаць з гэтым відам спорту. Паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Фізічная культура”.

А пасля ўніверсітэта была тэрміновая служба ў арміі. Затым Сяргей вярнуўся ў родны Кобрын, знайшоў работу ў дзіцячым садзе.

Шляхі Сяргея Соўпеля і Аляксандра Кунаца перасякліся ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама. Выпадковая сустрэча і прывяла Сяргея на трэнерскую пасаду.

Пра сваіх выхаванцаў ён кажа, што ёсць шмат здольных хлопчыкоў, гатовых трэніравацца і дабівацца высокіх мэт. Яны часта выязджаюць на таварыскія гульні ў раён. Сяргей Рыгоравіч упэўнены, што не за гарамі той час, калі яго выхаванцы заявяць аб сабе.

Сяргей у вольны час таксама любіць пагуляць у футбол. У складзе аматарскай каманды сустракаецца на футбольным полі з такімі ж прыхільнікамі гэтай гульні.

Хлопчыкі ж пра свайго трэнера сказалі, што ён вельмі добры, яго хвалююць не толькі іх паспяховасць у спорце, але і школьныя дасягненні. І яны стараюцца яго не падводзіць.

 Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ аўтара:  Сяргей Соўпель  са сваімі выхаванцамі.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *