У райвыканкаме: неабходны рацыянальная ініцыятыва, узважаныя рашэнні

У мінулую пятніцу адбылося чарговае пасяджэнне  райвыканкама пад старшынствам Мікалая Кенды. У рабоце выканкама прынялі ўдзел намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю, дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў Рэспублікі Беларусь Рыгор Вярэмка, кіраўнікі структурных падраздзяленняў і службаў райвыканкама, сельвыканкамаў і суб’ектаў гаспадарання Кобрыншчыны.

На календары  — сакавік. Час, калі патрэбна прыняць усе меры па падрыхтоўцы сельгаспрадпрыемстваў да вясенне-палявых работ. У тэхнічным плане Кобрыншчына літаральна за некалькі апошніх гадоў значна падцягнулася. Гэтыя словы мовай лічбаў і фактаў у сваёй справаздачы пацвердзіў і галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Міхаіл Трубчык.

Сёлета сельгасарганізацыі павінны сабраць 120,4 тыс. тон збожжа, 17,1 тыс. тон бульбы, 82 тыс. тон цукровых буракоў, 9,3 тыс. тон насення рапсу, 5,8 тыс. тон агародніны. Пасеяны ўжо на плошчы ў 19009 га азімыя збожжавыя культуры, 4747 га азімага рапсу. Неабходна забяспечыць у разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы вытворчасць усіх кармоў не менш 38 цэнтнераў кармавых адзінак. Пад яравыя культуры ў неабходных аб’ёмах унесены гербіцыды, праведзена хімічная праполка азімых зерневых. Па стане на 17 лютага 2011 года нарыхтавана 110,8 працэнта да ўзроўню 2010 года арганічных угнаенняў. Вывезена на палі 410983 тоны, унесена 95958 тон.

Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці жывёлаводчай галіны, племянной работы і ўзнаўлення статка ў сельгасарганізацыях раёна расказала намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валянціна Валасюк. Сёлета за студзень вытворчасць малака ў параўнанні з паказчыкамі 2010 года  павялічылася на 5,5 працэнта і склала 6348 тон, а вось надоі малака ад каровы на 2 кілаграмы паменшыліся. У студзені павялічылася вытворчасць буйной рагатай жывёлы, свіней. Аднак дапушчана валавое зніжэнне вытворчасці малака  ў сельгаскааператывах “Любань”, “Дружба народаў”, ААТ “Аніскавічы”.   Кіраўнікам ААТ “Агра-Кобрынскае”, СВК “Бельскі”, “Кутузаўскі”, “Батчы” неабходна таксама ўзмацніць кантроль за гэтым паказчыкам і за ўзнаўленнем статка.

Абмяркоўваючы шырокі спектр праблематыкі АПК, Мікалай Кенда асобна падкрэсліў неабходнасць сканцэнтравацца на эканоміі і беражлівасці паліўна-энергетычных рэсурсаў, зніжэнні расходаў. Неабходнасцю з’яўляецца і дыферэнцыраваны і абгрунтаваны  падыход да аплаты працы на сяле, забеспячэнне высокай якасці ўсіх мерапрыемстваў на зямлі з улікам складаных кліматычных умоў.

— Эфектыўнасць гэтых мерапрыемстваў залежыць у першую чаргу ад кіраўнікоў, іх рацыянальнай ініцыятывы, узважаных  і своечасовых рашэнняў. Адседжвацца на адным месцы, легкадумна спіхваць справы ў бок – шлях у бездань, — заявіў Мікалай Аляксеевіч.

Зімовыя месяцы 2011 года асацыіруюцца не толькі з маразамі і снегам, але і з анамальнай паводкай. Больш падрабязна аб гэтым далажыў начальнік Кобрынскага РАНС палкоўнік унутранай службы Леанід Панасюк. У адпаведнасці з Законам РБ “Аб абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару” для прыняцця адэкватных мер  па пропуску вясенняй паводкі райвыканкам зацвердзіў  шэраг комплексных мер. Іх рэалізацыяй даручана займацца арганізацыям раёна пад кіраўніцтвам створанай аператыўнай групы. Сілы і сродкі для гэтага ёсць. Леанід Данілавіч канстатаваў, што ўжо вырашана пытанне з падтапленнем дваровых тэрыторый у горадзе недалёка ад цэнтральнага рынку і  ў раёне “Поле цудаў”.  На сяле Кобрынскім прадпрыемствам меліярацыйных сістэм распрацаваны праект загараджальнай дамбы ў меліярацыйнай сістэме в. Хабовічы працягласцю 3,8 км. Неабходна давесці да небяспечнага ўзроўню аналагічныя аб’екты на меліярацыйных сістэмах “Чырвоная зорка”, “Замосце”, вярхоўе канала ў пас. Арэхаўскім. Складаная сітуацыя з рэгуліроўкай  ўзроўню вады на Кобрынскім участку ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”. І гэта праблема абавязкова будзе вырашацца.

Аб ходзе рэалізацыі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушанняў” паведаміў начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Максім Субота. Нягледзячы на скарачэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў, крымінагенная абстаноўка застаецца складанай. Адбылося 4 ДТЗ. У выніку два чалавекі загінулі, 4 паранены. Шырокі грамадскі рэзананс выклікалі забойства ў в. Рыбна, крадзеж з магазіна Кобрынскага раённага спажывецкага таварыства ў в. Дзевяткі, рабаванне на вул. Дзяржынскага ў г. Кобрыне. Начальнік РАУС выступіў з адпаведным  зваротам да кіраўнікоў  суб’ектаў гаспадарання, які тычыўся тэхнічнага ўмацавання аб’ектаў  гандлю, прыдарожнага сэрвісу і грамадскага харчавання, засяродзіў увагу на ролі ўлады і грамадства па дэалкагалізацыі насельніцтва, прафілактыцы асацыяльнага ладу жыцця, павышэнні  ролі сям’і і ўстаноў адукацыі ў культурна-маральным выхаванні моладзі.

Намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Рыгор Вярэмка расказаў, што змянілася ў вядзенні кантрольна-рэвізійнай дзейнасці. Цяпер, згодна з патрабаваннямі Прэзідэнта краіны, праверкі  суб’ектаў гаспадарання праводзяцца планава і абгрунтавана. Кантралёры абапіраюцца толькі на пацверджаную аператыўную інфармацыю. Аналіз сітуацыі паказаў, што праблемы з законам існуюць у сферах эканомікі і будаўніцтва. Не ўсё гладка і ў сістэме АПК. Парушэнні звязаны з неэфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, з нерацыянальнымі закупкамі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Акцэнт дзяржкантролю сёлета будзе накіраваны на буйнамаштабную прафілактычную работу.

Па ўсіх пытаннях выканкам прыняў адпаведныя рашэнні.

Раман МЕЛЬНІК.

На здымку аўтара: Мікалай Кенда

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *