Прафсаюзы і журналісты: “Мы – разам”!

З мінулага года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пачала весці актыўную работу па збліжэнні з рэгіянальнымі СМІ праз правядзенне рэспубліканскіх форумаў. Чарговы форум пад назвай “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства” быў праведзены 30-31 студзеня.

Праграма такіх паездак заўжды цікавая. У гэты раз журналісты прынялі ўдзел у прафсаюзнай турыстычнай выставе “Прафтур-2018”, якая была наладжана ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў, а галоўнымі арганізатарамі яе выступілі ТЭУП “Беларустурыст” і СКУП “Белпрафсаюзкурорт”.

Адкрываў выставу старшыня ФПБ Міхаіл Орда, які падкрэсліў, што сёння турызм як сектар эканомікі ў многіх краінах займае значнае месца і з’яўляецца даходнай сферай, і Беларусі патрэбна больш актыўна развіваць турыстычны бізнес. Турызм дае значны стымул для развіцця іншых сфер эканомікі.

Асаблівую ўвагу арганізатары надалі прамысловаму турызму. Апошнім часам ён становіцца вельмі папулярным. Дарэчы, сярод прапаноў у спісе экскурсійных паездак на прамысловыя прадпрыемствы ёсць і СТАА “ВП “Палессе”.

Традыцыйна, свае паслугі прапаноўвалі санаторыі, базы адпачынку, аграсядзібы. Было прыемна ўбачыць на выставе прадстаўнікоў Кобрыншчыны – презентавала сябе ААТ “Страусінае ранча”.

Навінкай сёлетняй прафсаюзнай турыстычнай выставы стаў удзел гасцей з іншых краін, у тым ліку з Украіны, Грузіі, Расіі. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі бюджэтныя аўтобусныя туры да Чорнага мора.

Любому журналісту цікава і карысна знаёміцца з іншымі калегамі. Такое плённае знаёмства адбылося ў час форума з галоўным рэдактарам выдавецкага дома “Звязда” Паўлам Сухарукавым.

Выдавецтва займаецца выпускам дзевяці перыядычных выданняў, большасць з якіх – літаратурныя, і асобна — кніг. Галоўны рэдактар расказаў удзельнікам семінара пра асаблівасць работы ў выдавецтве.

Яшчэ журналісты мелі магчымасць пазнаёміцца і пераняць вопыт работы рэдактара інфармацыйнага партала ФПБ Аляксея Пашкевіча.

У межах форума праводзілася пленарнае пасяджэнне. У гэты раз да Міхаіла Орды далучылася начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Хмель і намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч. А да журналістаў далучыліся старшыні гарадскіх і абласных аб’яднанняў прафсаюзаў Беларусі, якія былі ў гэтыя дні запрошаны на вучобу.

Міхаіл Сяргеевіч у выступленні акрэсліў шэраг пытанняў, якімі займаецца Федэрацыя прафсаюзаў. Напрыклад, з падачы Федэрацыі, перапрацоўваецца пастанова №744, а менавіта пытанне росту заработнай платы.

З шэрагу ініцыятыў, якія былі прадстаўлены ФПБ ва ўрад, было ўвядзенне так званай накапляльнай пенсіі. Была закранута тэма кантрактнай сістэмы працы.

 Міхаіл Орда нагадаў, што ФПБ Беларусі працягвае работу па маніторынгу цэн і ў першую чаргу – на самыя неабходныя групы тавараў.

Напрыканцы форума адбылася цырымонія ўзнагароджвання лепшых журналістаў, якія асвятляюць прафсаюзную тэматыку.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Міхаіл Орда ў час адкрыцця выставы “Прафтур-2018”.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *