Дзеля выхавання і адраджэння

    Ткацтва, пляценне паясоў, вышыўка, саломапляценне, аплікацыя… Усё гэта – і многае іншае — можна ўбачыць і нават асвоіць у Дзівінскім Доме рамёстваў, які прыйшоў на змену школе мастацтваў у снежні мінулага года.
    З першага погляду бачна – справа тут пастаўлена на шырокую нагу. Адразу пры ўваходзе на другі паверх мясцовага Дома культуры – а менавіта тут і знаходзіцца Дом рамёстваў – наведвальнікаў сустракаюць народныя касцюмы, вырабы ўдзельнікаў гурткоў… і нават сапраўдны куточак сялянскай хаты з усімі неабходнымі прыладамі старажытнага побыту. Дадайце да гэтага новыя, пасля рамонту, памяшканні і непаўторную атмасферу сапраўднай творчасці – і карціна будзе поўнай.
    Як адзначыла Наталія Клімук, дырэктар Дома рамёстваў і выкладчык саломапляцення і аплікацыі саломкай, асноўнай задачай з’яўляецца менавіта адраджэнне народных традыцый. І – выхаванне ў гэтых традыцыях падрастаючага пакалення.
    — Мы адраджаем страчанае – і знаходзім тое, што яшчэ засталося, — расказвае Наталія Клімук. – Ёсць у нас картатэка народных майстроў, рэгулярна арганізуюцца фальклорныя экспедыцыі. Яны, дарэчы, і даюць усе тыя экспанаты, што стаяць сёння ў сялянскім куточку – што з падвалаў, што з гарышчаў. Увогуле, збор этнічнага матэрыялу – пачынаючы ад мясцовых абрадаў і заканчваючы рэцэптамі народных страў, займае ў нашай рабоце важнае месца – таму што немагчыма ў поўнай меры ацаніць народную творчасць, не ведаючы той платформы, на якой яна нараджалася. І, безумоўна, імкнемся перадаць усе традыцыі дзецям – каб не згубілася сувязь пакаленняў, каб традыцыі і навыкі, якімі валодалі нашы продкі, з цягам часу не забываліся.
    Дзеці, дарэчы, у новы Дом рамёстваў ідуць з задавальненнем. Яно і зразумела – рэдка дзе можна ўбачыць, напрыклад, аўтэнтычны ткацкі стан. І не проста ўбачыць, а навучыцца на ім працаваць – так, як гэта рабілі нашы бабулі. Вучыць усяму гэтаму майстар-метадыст Ларыса Дарашук. Ці, напрыклад, авалодаць старажытным мастацтвам пляцення паясоў у Валянціны Гапановіч… А якія цудоўныя рэчы вырабляюць навучэнцы на занятках па вышыўцы ці саломапляценню – вочы радуюцца!
    Ёсць, дарэчы, і яшчэ адзін станоўчы аспект – сацыяльна-педагагічны. Дзеці не бадзяюцца па вуліцах, знаходзяцца пад наглядам, ды яшчэ прывыкаюць да працы і творчасці, развіваюць цярпенне і пачуццё прыгажосці.
    На заканчэнне нашай гутаркі Наталія Клімук адзначыла, што асабліва вялікую ролю адыгрываюць заняткі ў Доме рамёстваў для дзяцей з няўдалых сем’яў. І прыгадала выпадак, як адна дзяўчына менавіта з такой сям’і — былая вучаніца школы мастацтваў, а зараз сур’ёзны дарослы чалавек — яшчэ праз некалькі гадоў гаварыла, што калі б не заняткі ў школе мастацтваў, то яшчэ невядома, па якой сцяжынцы ў жыцці яна б пайшла.
    Вось і яшчэ адзін прыклад жыццясцвярджальнай сілы народных традыцый, якія сёння адраджаюцца і развіваюцца ў Дзівінскім Доме рамёстваў…
    Дзмітрый БЯЛОЎ.
    Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *