Узнагароды з рук прэм’ер-міністра

Зусім невыпадкова на гэтым здымку галоўны аграном ААТ “Агра-Кобрынскае” Іван Гусак апынуўся ў кампаніі вучняў кадэцкіх і юрыдычных класаў САШ №4. Яму, безумоўна, ёсць што расказаць моладзі. У васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя тэрміновую службу праходзіў у пагранічных войсках на мяжы Туркменіі і Афганістана, нярэдка затрымліваў кантрабандыстаў і бандытаў. Цяпер, у мірны час, Іван Іванавіч ужо шмат гадоў працуе на сельскай ніве. Працуе выдатна. Так, летась выхад кармавых адзінак з аднаго гектара сельгасугоддзяў склаў 65,6 цэнтнера, а з ворнай зямлі – 98 цэнтнераў. ААТ “Агра-Кобрынскае” дасягнула поспехаў у вытворчасці збожжа — 131 кілаграм на бала-гектар (у сярэднім па раёне гэта лічба зафіксавана на ўзроўні 89 кг.). Добрая ўраджайнасць у гаспадарцы і цукровых буракоў – 530 ц/га, бульбы  — 278 ц/га і рапсу — 17,7 ц/га. Ва ўсім гэтым, безумоўна, важкі ўклад галоўнага агранома.

У 2007 і 2010 гадах у час правядзення рэспубліканскіх фестываляў-кірмашоў “Дажынкі” ён быў удастоены дыпломаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. А нядаўна Іван Гусак разам з дырэктарам ААТ “Гарадзец-агра” Іванам Цецеруком за атрыманне стабільнага ўраджаю і росту сельгасвытворчасці з рук прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча атрымалі медалі “За працоўныя заслугі”. Шчыра віншуем землякоў!

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *