На варце інтарэсаў дзяцей

Далёкі 1918 год. Адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, вялікая краіна яшчэ перажывае наступствы Першай сусветнай вайны, у грамадстве – усеагульная нестабільнаць і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Менавіта ў такіх умовах пачалі ўтварацца першыя камісіі па справах непаўналетніх, каб абараніць дзяцей ад сацыяльных катаклізмаў. Юбілейнае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Валянціна Трубчыка пацвердзіла – і ў наш час, як стагоддзе таму, значэнне работы, якая вядзецца ў гэтым напрамку, пераацаніць немагчыма. У рабоце камісіі прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля і старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук.

У нашых дзяцей ёсць перспектыва стаць годнымі членамі грамадства – падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Галоўным крэда камісіі па справах непаўналетніх заўсёды будзе не пакараць, а зразумець дзяцей, заклікаць іх саміх і іх бацькоў мабілізавацца і стаць на шлях пазітыўнага развіцця.

Аб выніках работы камісіі за 2017 год прысутным расказаў старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Ён адзначыў, што за мінулы год зафіксавана 252 правапарушэнні збоку непаўналетніх. Менш стала правапарушэнняў у сферы бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, зменшылася колькасць бацькоў, прыцягнутых за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. У той жа час некаторы рост назіраецца ў колькасці дробных крадзяжоў, прэцэдэнтаў ужывання спіртных напояў, выпадкаў знішчэння ці пашкоджання чужой маёмасці. Больш, чым раней, зарэгістравана сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і гэта перш за ўсё гаворыць аб тым, што навучальныя ўстановы сталі больш уважліва глядзець на ўмовы, у якіх выхоўваюцца дзеці. Куды горш нечакана сутыкнуцца з сітуацыяй, калі дзецям ужо тэрмінова патрабуецца дзяржаўная абарона, ці калі непаўналетнім ужо здзейснена злачынства або сур’ёзнае правапарушэнне. Прынамсі, на Кобрыншчыне, дзе пражывае і вучыцца больш за 10,5 тысячы дзяцей, за мінулы год было зарэгістравана ўсяго 12 такіх злачынстваў, і гэта – вельмі добрыя вынікі. Для параўнання: у 2011 годзе непаўналетнімі было здзейснена 32 злачынствы, а ў 2016 годзе – 17. Пазітыўную тэндэнцыю відаць няўзброеным вокам.

— Работа камісіі не замыкаецца толькі на тых людзях, якія працуюць у яе складзе і прымаюць рашэнні. Станоўчыя вынікі, якіх мы дабіліся, дасягнуты дзякуючы агульным намаганням усіх суб’ектаў прафілактыкі дзіцячай і падлеткавай злачыннасці і правапарушэнняў, безнагляднасці, сямейнай неспрыяльнасці, — адзначыў старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. — Вялікую работу праводзіць адміністрацыя навучальных устаноў, сацыяльна-педагагічныя службы школ, органы аховы правапарадку, пракуратура, сацыяльна-педагагічны цэнтр, сектар аховы дзяцінства  аддела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і многія іншыя суб’екты. Эфектыўнасць гэтай работы залежыць ад яе зладжанасці, і толькі агульнымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў мы зможам змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

Урачыстым момантам пасяджэння стала ўзнагароджванне самых актыўных членаў камісіі – граматы і пісьмы падзякі за вялікі асабісты ўклад у прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх уручылі Аляксандр Зазуля і старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. Цікавыя прапановы былі агучаны і на бягучы год. Сярод іншага прагучала думка аб мэтазгоднасці арганізацыі бясплатнага наведвання падлеткамі, якія знаходзяцца на розных формах уліку, спартыўных і культурных устаноў Кобрыншчыны. Гэта дапаможа адцягнуць “складаных” дзяцей з вуліцы і скіраваць іх энергію ў пазітыўнае русла самаўдасканалення і здаровага ладу жыцця.

Дзмітрый БЯЛОЎ

НА ЗДЫМКУ аўтара: Аляксандр Зазуля ўручае Пісьмо падзякі галоўнаму спецыялісту сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вользе Рудовіч.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *