Не згасне памяці святло

У гісторыі кожнай краіны ёсць старонкі, якія заўсёды ўспамінаюцца з болем. Афганскі канфлікт – вайна, якая закранула бадай што ўсе рэспублікі былога Савецкага Саюза. Не абышла і нашу Беларусь. Толькі ў Брэсцкай вобласці тая вайна забрала 117 жыццяў – 18 імёнаў прыйшлося на Кобрыншчыну…


Усе яны сёння жывуць у памяці кабрынчан. На ўрачыстым мітынгу, прысвечаным Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адбыўся ў скверы Воінскай Славы, сабраліся людзі самых розных узростаў – для таго, каб ушанаваць памяць тых, хто так і не вярнуўся з далёкай афганскай зямлі, поўнасцю і да канца выканаўшы свой інтэрнацыянальны абавязак.

Як адзначыў у сваім выступленні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Зазуля, гэты дзень перш за ўсё з’яўляецца днём смутку – калі мы ўспамінаем нашых землякоў, якія аддалі свае жыцці ў той далёкай вайне. Але яны жывуць – у нашай памяці і ў гэтым мемарыяльным комплексе, куды сёння прыходзяць нашы дзеці. І тое, што ў сэрцах жыве памяць пра мінулае і пра яго герояў, перш за ўсё гаворыць аб тым, што ў нас ёсць будучыня і што яна абавязкова будзе светлай. Менавіта такой будучыні хацелі і тыя, каго, на жаль, з намі ўжо няма.

Над скверам разносяцца ўрачыстыя ўдары звана. Хвіліна маўчання…

Пасля правядзення памінальнай службы па ўсіх загінуўшых настаяцель Свята-Уведзенскага прыхода  іерэй Віктар Паляціла адзначыў, што — якія б думкі сёння ні гучалі пра тую вайну – кожнаму з нас Бог дае сваё служэнне ў гэтым свеце. Нельга пераацаніць місію, якая ў свой час выпала на долю зусім яшчэ маладых салдат, чые імёны прагучалі ў час мітынгу. Яны пакінулі наша жыццё раней свайго часу, але для нашай моладзі заўсёды будуць найлепшым прыкладам.

Вечная памяць вам, загінуўшыя воіны-інтэрнацыяналісты! Гонар і павага – тым, хто застаўся жыць.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

фота аўтара

Тэматычны вечар, прысвечаны Дню вываду савецкіх войск з Афганістана, 15 лютага праводзіўся ў гарадскім Палацы культуры. У фае сабраліся баявыя сябры, саслужыўцы. Яны не па чутках ведаюць, што такое пекла вайны, як выконваліся складаныя ваенныя загады ў “гарачых кропках”. Салдаты, прапаршчыкі і афіцэры, удовы і родныя загінуўшых ваеннаслужачых у добразычлівай, цёплай атмасферы дзяліліся ўспамінамі аб службе, расказвалі аб гэтым школьнікам сярэдіх адукацыйных навучальных устаноў Кобрыншчыны.

Увазе прысутных быў прадстаўлены шэраг творчых выстаў кобрынскіх умельцаў. Асабліва зацікавіла тэматычная экспазіцыя музея імя А.В. Суворава “Боль і памяць Афганістана” з унікальнымі архіўнымі фотаматэрыяламі, літаратурай, узорамі армейскай формы часоў афганскага канфлікту.

Урачыстую частку мерапрыемства адкрыў старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Зазуля.

— Па-рознаму можна ацэньваць тыя часы і тыя загады. Важна, што кожны з нас для сабе вывучыў самы галоўны ўрок  — вайну не павінны адчуць на сябе будучыя пакаленні. І сёння галоўная місія Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БСВВА” – захаваць памяць аб  ратных подзвігах  савецкіх салдат, аб іх бездакорным служэнні Айчыне і праўдзіва перадаць гэта “з вуснаў у вусны” нашчадкам, — адзначый Аляксандр Іванавіч.

Ён таксама, ад усяго сэрца падзякаваў усім, хто прыняў удзел у будаўніцтве памятніка воінам-інтэрнацыяналістам у былым ваенным гарадку. А гэта былыя “афганцы”, іх родныя і блізкія, мясцовыя ўлады, КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”, кіраўнікі  шэрагу кобрынскіх арганізацый, моладзь, якая ўдзельнічала ў добраўпарадкаванні тэрыторыі ля помніка.

У адпаведнасці з рашэннем прэзідыума савета грамадскага аб’яднання “БСВВА” за актыўны ўдзел у афганскім руху, ваенна-патрыятычную работу медалёў “За заслугі” 2-й ступені “БСВВА” былі ўдастоены 35 чалавек. Таксама за грамадскія справы памятнымі кнігамі  “На лініі агню” былі адзначаны Пётр Дзячэнка, Іван Гусак, Батагоз Сцепанюк і Уладзімір Фісенка. Каштоўнымі падарункамі ўзнагароджаны Вера Лаўрова і Людміла Янкашук. Не забыты ўдовы і маці загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў.

За актыўны ўдзел у мінулай выбарчай кампаніі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык узнагародзіў восем актывістаў “БСВВА”, пажадаў ім міру, здароўя і дабрабыту.

Таксама ў той вечар з удзелам ваеннага камісара Кобрынскага райваенкамата палкоўніка Валерыя Пракапюка і начальніка РАУС падпалкоўніка Максіма Суботы адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця ў рады кадэтаў і ў юрыдычныя класы вучняў САШ №4. Са сцэны гучала шмат лірычных песень і вершаў на ваенную тэматыку. Жанчынам цяжка было стрымаць слёзы ў такія хвіліны… Але час робіць сваю справу. Вайна адыходзіць у глыбіню гісторыі. І дай Бог, каб яна для ўсіх нас была апошняй…

Раман МЕЛЬНІК.

фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *