Шчасце побач

Не заўважыць гэтую жывёлу на вуліцах Кобрына было цяжка: белая пушыстая поўсць, мяккія, тоўстыя лапы і прыгожыя жоўта-зялёныя вочы, якія прасілі ўвагі. Першы раз, калі я заўважыла гэтага ката, пагладзіла яго і пайшла далей, вырашыўшы, што такі прыгажун не можа быць нічыйным. Праз некалькі дзён выявілася — можа.


Ніякіх сумненняў, як далей вырашыцца лёс ката, не было. Зефір, а менавіта так я адразу назвала гэтае белае воблака, паедзе жыць да мяне. Нягледзячы на адгаворкі сяброў, што кот дарослы, што жыць разам не навучыцца, што характар у яго цяжкі будзе, я пасадзіла Зефіра ў вялікую сумку і панесла дахаты.
Дома выявілі, што кот пародзісты. Поўсць у яго была збіта ў каўтун, на лапах і галаве — невялікія раны. Першае, што прыйшлося зрабіць, гэта вычасаць доўгую густую поўсць і зрэзаць каўтуны. Далей мы пайшлі мыцца. На здзіўленне, Зефіру такая працэдура вельмі спадабалася, нават вылазіць з-пад душа не хацеў. Вымыты кот выглядаў, як кароль, і за даволі кароткі час адчуў сябе ў маім пакоі паўнапраўным гаспадаром. Не ведаю, як можна было такога выкінуць?!


Змагацца з ім за чысціню доўга не прыйшлося. Да сваёй мянушкі таксама хутка прывык. А вось характар у ката незвычайны. Склалася адчуванне, што з табою жыве не кот, а чалавек – да таго разумнік. А які свавольнік! Не было такога месца, куды б Зефір не сунуў свій нос. Нават мыццё падлогі часта заканчваецца ўвогуле мыццём ката, бо пасядзець у тазіку з вадою для яго – вялікая асалода.
Лашчыцца кот прыходзіць сам і вельмі не любіць, калі яго гладзяць без яго каралеўскага дазволу. Але ж калі ў моманты пяшчоты кот узбіраецца на калені, паказвае, што вельмі ўдзячны за сваё выратаванне ад голаду і холаду.
Азірніцеся, можа, ваша шчасце таксама блукае недзе побач.
Ксенія ПАЛЬТО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *