Свята высокага густу

Класічная музыка ўспрымаецца на ўзроўні душы і, нібыта па чараўніцтве, дапамагае нам ачысціцца ад усіх негатыўных эмоцый. Сапраўднае свята высокага музычнага густу атрымалі кабрынчане 11 студзеня – Кобрыншчыну ў другі раз наведаў славуты фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”, які сабраў на сцэне Палаца культуры сапраўдных зорак сусветнай велічыні.

Як адзначыў у час урачыстага адкрыцця 30-га, юбілейнага фестывалю ў Брэсцкім абласным акадэмічным тэатры драмы старшыня Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Ліс, “Студзеньскія музычныя вечары” сталі знакавай падзеяй не толькі для Брэсцкай вобласці, але і для ўсёй рэспублікі. Не дзіўна, што вялікая зала Кобрынскага Палаца культуры ледзьве ўмясціла ўсіх жадаючых далучыцца да высокай культуры сусветнага ўзроўню.


І яркіх уражанняў не давялося доўга чакаць. Пачынаючы з самых першых кампазіцый, якія прадставіла трыа таленавітых выпускнікоў Брэсцкага музычнага каледжа “Эйфарыя”, настрой гледачоў, якія прыйшлі пасля працоўнага дня, вельмі хутка пачаў паляпшацца, каб напрыканцы канцэрта дасягнуць свайго апагея. Парадаваць кабрынчан прыехалі Ганна Саўкіна — скрыпачка і абладальнік вышэйшых узнагарод шэрагу прэстыжных міжнародных конкурсаў з Расійскай Федэрацыі, піяністка Наока Абуракі з Японіі, трыа двух саксафонаў і фартэпіяна “Curriculum vitae” з Латвіі і многія іншыя музыканты. Атрымалі асалоду і аматары выдатнага вакалу – у гэты вечар на кобрынскай сцэне пад акампанемент выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Канстанціна Арцёма з шэдэўрамі сусветнай опернай класікі выступіў італьянскі тэнар Дамінга Стассі, шыкоўным сапрана парадавала спявачка з Грузіі Кетэван Гавашэлі, чулыя рамансы на некалькіх мовах падарыла слухачам лаўрэат міжнародных конкурсаў, салістка оперных тэатраў Іаанна Наўрат з Польшчы. Не абышлося без маладых талентаў – самаму малодшаму ўдзельніку, Мікіту Шастакову, споўнілася толькі 16 гадоў, але ён прадставіў гасцям не толькі выдатнае і эмацыянальнае выкананне класічных кампазіцый, але і прэлюдыю ўласнага сачынення.


Кульмінацыяй гэтага цудоўнага вечара стала яркае і маштабнае выступленне камернага аркестра “Кантабіле” з дырыжорам — народным артыстам Украіны Товіям Роўцам, якое не пакінула раўнадушным нікога з прысутных. Ну а калі напрыканцы канцэрта на сцэну выйшлі ўсе артысты, якія ў гэты вечар прыехалі да кабрынчан, вялікая зала літаральна ўзарвалася шчырымі і заслужанымі авацыямі. Будзем спадзявацца, што правядзенне падобных мерапрыемстваў на Кобрыншчыне стане добрай традыцыяй, якая, безумоўна, унясе свой уклад у фарміраванне высокай духоўнай культуры маладога пакалення.


Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ аўтара: моманты канцэрта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *