З думкамі аб будучыні, з любоўю да зямлі

Што будзе, калі да вялікай і моцнай гаспадаркі далучыць другую, з пэўнымі праблемамі, а за ёй яшчэ адну такую ж? Усё будзе добра, калі кіраўнік і калектыў шчыра любяць сваю справу і не апускаюць рукі перад цяжкасцямі. Гэта выдатным чынам пацвярджае прыклад ААТ “Гарадзец-агра” – буйнейшага аграхолдынга Кобрыншчыны, які на працягу апошніх гадоў увесь час не толькі прырастае новымі плошчамі, але і нарошчвае тэмпы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.


Іван Цецярук прыйшоў у ААТ “Гарадзец-агра” ў 2004 годзе – на той час тут налічвалася 8442 гектары сельгасугоддзяў. У 2011 годзе да гаспадаркі далучылася ААТ “Аніскавічы” – адпаведна плошча сельскагаспадарчых угоддзяў павялічылася да 12221 гектара, а ў 2014-м, з далучэннем СВК “Каралеўскі”, – да 16590 гектараў. Адпаведна плошчам прырасталі і паказчыкамі. Напрыклад, калі ў 2014 годзе было прыбрана 10521 тона цукровых буракоў, то сёлета – 14943 тоны, што больш амаль у паўтара разы. Валавая вытворчасць малака ў параўнанні з 2004 годам вырасла больш чым на 10 тысяч тон і сёння складае 13536 тон. Практычна ўдвая, з 436 да 840 тон вырасла валавая вытворчасць рапсу, які сёлета парадаваў добрай ураджайнасцю. І гэта – толькі некаторыя прыклады.
Вялікая ўвага ў ААТ “Гарадзец-агра” надаецца і матэрыяльна-тэхнічнай базе, – што, прынамсі, зразумела пры такіх аб’ёмах сельскагаспадарчай вытворчасці. З часоў прыходу ў гаспадарку Івана Сяргеевіча тут было набыта 30 трактароў, 10 збожжаўборачных і 7 кормаўборачных камбайнаў, 5 пагрузчыкаў, 11 грузавых МАЗаў, 8 УАЗаў, буракаўборачны камбайн ROPA, які прыбірае не толькі свае плошчы, але і дапамагае на ўборцы буракоў у суседзяў.
Зараз у гаспадарцы налічваецца 15310 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 8568 гектараў ворыва. Каб толькі аб’ехаць усё гэтае багацце, патрэбна патраціць многа часу. Які ж сакрэт эфектыўнага кіравання такім вялікім і складаным механізмам?
— Галоўнае – знайсці свой ключык да кожнага, — расказвае Іван Цецярук. – Для моладзі, гэта, безумоўна, жыллё. Так, пачынаючы з 2004 года ў нас было ўведзена ў эксплуатацыю 76 жылых дамоў, і мы прыкладаем усе намаганні, каб стварыць для нашых работнікаў спрыяльныя ўмовы. Што ж датычыцца работы ў цэлым, то галоўнае – проста верыць у сваю справу, любіць сваю зямлю і рабіць усё магчымае, каб дасягнуць пастаўленай мэты.
Пацвярджэннем таму служыць шырокая сфера добрых спраў ААТ “Гарадзец-агра”, якая не абмяжоўваецца адной толькі вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі. Сёння гаспадарка з’яўляецца сапраўдным цэнтрам жыцця свайго рэгіёна і стваральнікам шматлікіх добрых ініцыятыў. Сярод іх – фінансавая падтрымка мясцовай інфраструктуры, у тым ліку ўстаноў адукацыі. Так, у бягучым годзе аграрыі аплацілі ўстаноўку 8 новых вокнаў у Акцябрскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, а ў Гарадзецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе дзякуючы падтрымцы гаспадаркі з’явіліся новыя стэнды для школьнага музея. Умовам, у якіх расце падрастаючае пакаленне, тут заўсёды надавалася вялікая ўвага – менавіта з гэтых дзяцей вырастуць патэнцыяльныя новыя кадры. Як справядліва адзначае Іван Сяргеевіч, маладых патрэбна зацікавіць, каб яны заставаліся на сваёй зямлі, каб з’яўляліся новыя сем’і, каб нараджаліся дзеці, каб працягвалася жыццё. Не забываюць у гаспадарцы і пра духоўную сферу — пастаянная дапамога аказваецца мясцовым прыходам. Так, за кошт гаспадаркі была пабудавана агароджа вакол царквы ў вёсцы Камень, праведзены рамонт у храме вёскі Акцябр, аказваюць дапамогу гарадзецкія аграрыі і славутаму Жыровіцкаму манастыру.
Куды б мы ні завіталі ў час кароткай экскурсіі па гаспадарцы, на самых розных яе ўчастках нас сустракалі людзі, па вачах якіх было зразумела, што яны цалкам аддаюць сябе сваёй справе. Ну а калі калектыў працуе менавіта з такім настроем, можна быць упэўненымі, што новыя вынікі не заставяць сябе доўга чакаць.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: Іван Цецярук (справа) і начальнік участка № 3 Анатоль Леанюк на полі азімага рапсу ва ўрочышчы Гара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *