Праца – вяікая каштоўнасць!

І сёння, у час, калі можна заказаць практычна любую паслугу, паняцце “залатыя рукі” захавала свой першасны глыбокі сэнс. Добры сталяр, цясляр, слесар, разьбяр, майстрыха-вышывальшчыца ці ўзорная швачка не толькі ніколі не застануцца без работы, але заўсёды будуць карыстацца заслужанай павагай і пашанай. Кобрыншчына ў чарговы раз сустракае абласную алімпіяду па працоўным навучанні, а мы зноў ганарымся, што з кожным годам нашы дзеці дэманструюць усё больш яркія таленты. У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця алімпіяды прынялі ўдзел упаўнаважаны прадстаўнік Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Пашковіч, начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык і начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама Галіна Радковіч.
— Сёння мы даем старт алімпіядзе, якая, на мой погляд, з’яўляецца адной з важнейшых, таму што праца дае пачатак усяму ў нашым жыцці, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі. – Ад нас, педагогаў, залежыць, як заўтра будзе развівацца наша грамадства, і недарэмна працоўнаму навучанню сёння надаецца такая вялікая ўвага. Ад таго, як мы зможам падвесці маладога чалавека да ўсведамлення неабходнасці працаваць, будзе залежаць вельмі многае.
Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзел 50 чалавек – 25 хлопчыкаў і 25 дзяўчынак з Брэсцкай вобласці. Шырокім стаў і ўзроставы спектр – сярод канкурсантаў можна было сустрэць як школьнікаў ад 7-га да 11-га класаў, так і навучэнцаў каледжаў. Выпрабаванні праходзілі ў два туры. У практычным туры прэтэндэнтам на званне пераможцаў трэба было за пэўны час якасна і адпаведна патрабаванням выканаць заданні, канверты з якімі распячатваліся непасрэдна перад пачаткам іх выканання. На працягу тэарэтычнага тура ўдзельнікам давялося прадэманстраваць выдатныя веды і адказаць на 30 складаных пытанняў. Акрамя конкурсных заданняў, удзельнікі алімпіяды атрымалі магчымасць пазнаёміцца з цікавымі мясцінамі Кобрыншчыны.


— На гэтай алімпіядзе сабраліся лепшыя вучні Брэсцкай вобласці, такой багатай сваімі працоўнымі, сацыяльнымі і культурнымі традыцыямі, — адзначыла ўпаўнаважаны прадстаўнік Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Пашковіч. – Я ўпэўнена, што ўсе яны ўжо зразумелі, што праца з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю, і менавіта яна вызначае дабрабыт кожнай асобы і ўсёй нашай краіны.


Базай для правядзення алімпіяды сталі Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж і сярэдняя школа № 7 горада Кобрына. Як справядліва адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, вельмі добра, што сёння на Кобрыншчыне створаны ўсе ўмовы для правядзення мерапрыемстваў такога ўзроўню. І хоць усе мы, кабрынчане, хацелі б бачыць у ліку пераможцаў у першую чаргу сваіх землякоў, перамогуць, безумоўна, мацнейшыя і самыя таленавітыя. Хто гэта будзе? Аб гэтым мы абавязкова паведамім у нашых бліжэйшых нумарах.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: моманты практычнага тура алімпіяды.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *