Алег Мяленька: “Маркі — нібыта карты жыцця”

Увечары Алег Мяленька, як звычайна, вярнуўся дадому з работы. Няпросты выдаўся дзень. Пасля вячэры Алег дастаў з шафы некалькі тоўстых альбомаў. Пад тоненькімі празрыстымі плёначкамі на вялікім цёмным лісце ўсімі колерамі вясёлкі зіхацелі рознакаляровыя паштовыя маркі літаральна з усіх куткоў свету. Шыкоўныя каты з Рэспублікі Гвінея, карэйскія матылькі, медузы з Танзаніі, стракатыя экзатычныя кветкі з  Конга,  выявы дыназаўраў-гігантаў з Самалі, цэлы афрыканскі заапарк размясціла на серыі марак Рэспубліка Сахара…


— Ведаеце, калі бярэш у рукі такую калекцыю і пачынаеш гартаць альбом, то праз хвіліну-другую нават забываеш, што за вокнамі зіма, холад. Неверагодна, але пасля азнаямлення з маркамі ад стомленасці, стрэсу, напружання не застаецца і следу, — гаворыць Алег Мяленька. — Хтосьці ўзгадвае сваё жыццё па фатаграфіях, а я — па сваіх маленькіх экспанатах, паколькі дакладна ведаю, у якім годзе і пры якіх абставінах іх набыў.

Філатэліяй, ці калекцыяніраваннем і вывучэннем знакаў паштовай аплаты, кабрынчанін захапляўся яшчэ школьнікам. Тады вырашыў, што будзе ўдзяляць увагу тэматыцы марак, якая звязана з флорай і фаўнай. Як вядома, спектр накірункаў у філатэліі вялікі, пагэтаму збіраць адразу шэраг калекцый марак вельмі складана і дорага.

Дасведчаныя філатэлісты перш за ўсё звяртаюць увагу на знешні выгляд маркі, яе эстэтычныя ўласцівасці. Яна можа выпускацца як паасобку, так і ў цэлых блоках. Серыя экзэмпляраў гарманічна аб’ядноўваецца ў маналітны прамавугольнік. Нярэдка здараецца так, што цікавая марка сустракаецца на канверце ці паштоўцы. Паводле канонаў філатэлістаў, яна ўжо наўрад ці можа высока каціравацца. Але па спецыяльнай тэхналогіі можна аддзяліць марку ад канверта. Ды так, што простым вокам будзе складана адрозніць яе ад новай, якая яшчэ не выкарыстоўвалася.

Многія дзяржавы, у тым ліку і Рэспубліка Беларусь, выпускаюць шмат серый марак, прызначаных толькі для калекцыянераў. І гэта ажыццяўляецца, як правіла, у сувязі з важнай гістарычнай падзеяй, святамі, юбілеямі славутых людзей, значнымі дасягненнямі ў народнагаспадарчым комплексе, асвеце, мастацтве, спорце і інш.  У нашай краіне традыцыі выпуску марак па-ранейшаму  моцныя. Як адзначае Алег Мяленька, айчынная прадукцыя адрозніваецца сваёй бездакорнай паліграфіяй, насычанымі фарбамі, цікавым, глыбокім сэнсам.

— Калекцыі “Водна-балотныя птушкі” і “Качкі” ярка ілюструюць разнастайнасць жывёльнага свету, нагадваюць, наколькі цудоўная, але і ў той жа час кволая прырода навокал, з якой увагай трэба ставіцца да яе захавання, — распавядае кабрынчанін. – Мастакі максімальна рэалістычна перадалі аблічча птушак, нібыта ў  навуковым альманаху. Думаю, што асабліва дзецям будзе цікава вывучаць па такіх марках унікальную беларускую спадчыну.

Існуе меркаванне, што пік філатэліі ў нашай краіне прыйшоўся на савецкія часы. Маркі не толькі вырабляліся ў былых краінах СССР, але і без усялякіх перашкод і ў неабмежаваных аб’ёмах пастаўляліся з-за мяжы. Асабліва з дзяржаў так званага сацыялістычнага лагера – Кубы, Чэхаславакіі, Манголіі, Румыніі і інш. Па-сапраўднаму ўнікальныя экзэмпляры прадаваліся ў кіёсках “Саюздруку” ці заказваліся па пошце.

— Шкадую, што не ўспрымаў філатэлію ў тыя гады сур’ёзна, а па-сапраўднаму пачаў займацца гэтым чатыры гады таму,  — узгадвае Алег Міхайлавіч.

Натхніў яго стаць вопытным філатэлістам цесць Аляксандр Масліевіч. Ён доўга ўзначальваў кобрынскі клуб “Філатэліст” пры гарадскім Доме культуры. Аб’яднанне атрымлівала прэстыжныя ўсесаюзныя ўзнагароды ў Маскве, мела высокі аўтарытэт і статус на тэрыторыі СССР. Калекцыі Аляксандра Леанідавіча налічваюць тысячы рарытэтаў, якія закранаюць шэраг тэм. Аляксандр Масліевіч дапамог Алегу карыснымі парадамі, нават падзяліўся з ім некаторымі экспанатамі, якія сталі сапраўднымі жамчужынамі ў калекцыі. Дарэчы, клуб “Філатэліст” існуе і да гэтай пары. У Кобрынскім гарадскім Палацы культуры гуртуюцца людзі, якія  збіраюць не толькі маркі, але і экзатычных матылькоў пад шклом, старажытныя ваенныя ўзнагароды. Некалькі гадоў таму новы подых у горадзе атрымаў нумізматычны рух. Так што дзверы для прыхільнікаў прыгажосці заўсёды адчынены.

— Калі бяру альбомы з калекцыямі, успамінаю пра адны са сваіх першых марак, — гаворыць Алег Мяленька. – У кіёску каля цяперашняй гімназіі г. Кобрына набыў блок марак с птушкамі і кветкамі. Хвалюючыся, асцярожна браў іх пінцэтам і складваў у спецыяльную папку. У такія хвіліны адчуваеш сваю прыналежнасць да мастацтва.

Ёсць у архіве Алега Міхайлавіча марка, якая дасталася яму па шчаслівых абставінах лёсу. У 2008 годзе ў час паездкі па Украіне ён зайшоў у аддзяленне пошты аднаго невялікага населенага пункта, якое ўжо закрывалася. А там прадаваліся вельмі прыгожыя маркі, прысвечаныя Крымскаму прыроднаму запаведніку. Кабрынчанін доўга і настойліва прасіў супрацоўніцу пошты, каб яна затрымалася і прадала яму ўнікальныя экспанаты для калекцыі. У рэшце рэшт жанчына пайшла на кампраміс.

Алег Мяленька часта ездзіць у Брэст і наведвае спецыялізаваныя кніжныя магазіны, як, напрыклад, гандлёвы аб’ект “Планета”, дзе прадаюцца ў шырокім асартыменце і замежныя маркі. У Кобрыне можна набыць маркі па падпісцы ў аддзеле філатэліі шостага аддзялення сувязі РВПС па вул. Інтэрнацыянальнай.

— Прыемна, што маё захапленне становіцца сямейным,  — адзначае кабрынчанін. — Шаснаццацігадовы сын Ілья, напрыклад, калекцыяніруе маркі на тэму ўзнікнення і развіцця беларускага спорту і нацыянальнага алімпійскага руху. Пяцігадовая дачушка Дыяна таксама з зацікаўленасцю гартае альбомы з маркамі.

Філатэлія, упэўнены Алег Міхайлавіч, істотна пашырае кругагляд, з’яўляецца карысным заняткам. А яшчэ гэта цудоўны шанц знайсці сяброў, аднадумцаў і разам атрымліваць асалоду ад вывучэння і разумення сюжэтаў марачных калекцый.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: філатэліст Алег Мяленька з калекцыяй марак “Флора і фаўна”; рэдкія экзэмпляры з Рэспублікі Гвінея; тая самая ўкраінская марка “Крымскі запаведнік”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *