Школа маладога кіраўніка

Пад такой назвай на Кобрыншчыне па ініцыятыве кіраўніцтва райвыканкама стартаваў новы праект. Яго ўдзельнікамі  сталі дваццаць восем навучэнцаў сярэдніх агульнаадукацыйных школ, якія дэманструюць выдатныя поспехі ў вучобе, маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Усе яны былі запрошаны на дзелавую сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады, якая ў фармаце “круглага стала” адбылася  ў райвыканкаме.


Кожны з рабят хутка закончыць школу і сёлета будзе паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Магчыма, хтосьці з гэтых рабят, вярнуўшыся адукаваным спецыялістам  на Кобрыншчыну, прыступка за прыступкай будзе прасоўвацца па службовай лесвіцы і ў выніку зойме адказныя пасады. Сваёй плённай, адданай працай дастойныя грамадзяне сваёй краіны павінны будуць на справе даказаць павагу і любоў да малой радзімы і яе жыхароў. Менавіта гэту думку агучыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Валянцін Васільевіч падкрэсліў актуальнасць і важнасць праекта, які прызваны не толькі ў тэорыі, але і на практыцы дапамагчы юнакам і дзяўчатам азнаёміцца з функцыянаваннем асноўных галін мясцовага народнагаспадарчага комплексу. Ужо вызначаны і фармат  рабочых сходаў слухачоў “Школы маладога кіраўніка”, якія будуць  праводзіцца чатыры разы з перыядычнасцю адзін раз у месяц. За гэты час рабяты наведаюць шэраг вядучых прамысловых прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці, сельгасарганізацый Кобрыншчыны, аб’екты аграэкатурызму, сацыяльнай сферы. Плануецца арганізаваць сустрэчы з прадстаўнікамі духавенства. Адбудуцца гутаркі на прававую тэматыку з супрацоўнікамі РАУС, пракуратуры, КДБ і інш.

У рабоце “круглага стала” таксама прыняў актыўны ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля.

— Планую арганізаваць экскурсіі для кобрынскіх удзельнікаў “Школы маладога кіраўніка”  ў Авальную залу Дома Урада, каб моладзь мела прадстаўленне аб законатворчай дзейнасці народных выбраннікаў, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.

У адрас дэпутата ад школьнікаў паступіла шмат пытанняў, якія тычыліся праблем і перспектыў адукацыі, добраўпарадкавання Кобрыншчыны і інш.

Сёлета плануецца завяршыць гэты праект у маі. А ў наступным годзе яго мяркуецца прадоўжыць.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Зазуля і Валянцін Трубчык з удзельнікамі “Школы маладога кіраўніка”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *