Калі міласэрнасць – шлях жыцця

Праходзіць час, і звычныя клопаты, як прынесці дровы, прыгатаваць ежу ці навесці парадак на дварэ, становяцца не такімі простымі. Добра, калі побач ёсць дзеці, унукі ці родныя. Калі ж не, то на дапамогу прыходзяць нераўнадушныя людзі з сацыяльных службаў. Прафесіянальны конкурс на лепшага сацыяльнага работніка, арганізаваны Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, прайшоў у кінатэатры “Вясёлка”.


У гэты раз за званне лепшай у прафесіі змагаліся 4 прэтэндэнткі – Алена Ільюкевіч, Валянціна Карповіч, Наталья Кірылюк і Кацярына Парфянюк. Кожнай удзельніцы патрэбна было прадставіць сябе і сваю работу ў мультымедыйнай прэзентацыі, прадэманстраваць эстэтычны густ у аздабленні святочнага стала. З вялікім задавальненнем прысутныя назіралі за творчай часткай конкурсу, у час якой сацыяльныя работнікі спявалі песні і калядкі, расказвалі вясёлыя гісторыі, прымалі ўдзел у тэатралізаваных сцэнках.
За ўсім гэтым уважліва назірала строгае журы, у складзе якога прысутнічалі прадстаўнікі сацыяльных службаў, медыкаў і падапечных – тых, для каго якасць паслуг сацыяльных работнікаў у многім вызначае камфорт штодзённага жыцця.
Нінэль ГАСЮК,
ветэран Вялікай Айчыннай вайны:
— Хацелася б выразіць самую глыбокую павагу і ўдзячнасць за работу гэтых людзей, і няхай у іх заўсёды будзе дастаткова сіл і жадання, каб займацца патрэбнай справай. Прафесія сацыяльнага работніка – вельмі складаная і адказная і патрабуе ведаў з псіхалогіі, медыцыны, мноства бытавых навыкаў, вялікай адказнасці і прафесіяналізму, але яшчэ ў большай меры – чалавечнасці і дабрыні.
Таццяна БОЙКА,
начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
— Вельмі прыемна бачыць шчырасць гэтых людзей. Нашы сацыяльныя работнікі знаходзяць індывідуальны падыход да кожнага падапечнага. Вельмі ўразіла камандная падтрымка ўдзельнікаў – гэта тое, што неабходна ў сацыяльнай рабоце. Што ж датычыцца нашага старэйшага пакалення, то ўсе мы вучымся ў падапечных перш за ўсё — мудрасці і цярпенню ў пераадоленні цяжкасцяў.
Як адзначылі члены журы, выбраць пераможцу было задачай не з лёгкіх, аб чым сведчыў мінімальны адрыў па колькасці балаў паміж удзельнікамі практычна ва ўсіх выпрабаваннях. Аднак конкурс ёсць конкурс. Першае месца заваявала Валянціна Карповіч, якая і стала лепшай сярод сацыяльных работнікаў Кобрыншчыны.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: Валянціна Карповіч (у цэнтры) з арганізатарамі і ўдзельнікамі конкурсу.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *