Трапна ў “дзясятку”!

Каля 100 удзельнікаў, 21 каманда, сапраўдны спартыўны азарт і шчырая падтрымка балельшчыкаў. Гэта – першынство раёна па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод навучэнцаў устаноў адукацыі, арганізаванае Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ пры падтрымцы Кобрынскай РА РГА “Белая Русь”, якое прайшло на базе СШ № 8 г. Кобрына.


— Менавіта з такіх спаборніцтваў пачынаецца шлях да высокага звання абаронцы Айчыны, — адзначыў старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік. – Стральба — гэта вельмі цікавы від спорту, і каб дасягнуць у ім пэўных поспехаў, трэба напружана працаваць над сабой. Ну а юнакам гэтыя навыкі абавязкова спатрэбяцца ў будучыні, калі яны апрануць вайсковую форму і прыйдуць у вайсковыя часці аддаць свой абавязак Радзіме.


Спаборніцтвы праходзілі па трох дысцыплінах – дзяўчаты стралялі з апорай на стол, хлопцы – стоячы і з калена. Трэба адзначыць, што прадстаўніцы прыгожага полу ў гэты раз “перастралялі” хлопцаў – пераможца Лізавета Люльковіч з СШ № 8 г. Кобрына набрала максімальныя 159 ачкоў і выканала нарматыў на 3-ці дарослы разрад, а ўладальніцы “серабра” і “бронзы” – адпаведна Кацярына Куляшова з Кобрынскага дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання і Валянціна Штык з Верхалескага вучэбна-педагагічнага комплексу-дзіцячага сада-сярэдняй школы – атрымалі юнацкія разрады. Стоячы, лепш за ўсіх адстраляўся Аляксей Кандрашэвіч з ліцэя сферы абслугоўвання, на другім месцы – Іван Еўдакімаў з СШ № 8 г. Кобрына, а трэцяе заваяваў Дзмітрый Харковіч з Верхалескага ВПК-дзіцячага сада-сярэдняй школы. У дысцыпліне “ВП-3” (стральба з калена) лепшым стаў Станіслаў Шчыглеўскі з Верхалескага ВПК-дзіцячага сада-сярэдняй школы, “серабро” ўзяў Міхаіл Бандарэнка з ліцэя сферы абслугоўвання, а “бронзу” заваяваў Уладзіслаў Несцяровіч з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.

Першае агульнакаманднае месца атрымаў Кобрынскі дзяржаўны ліцэй сферы абслугоўвання, другое – Верхалескі ВПК-дзіцячы сад-сярэдняя школа, а трэцяе дасталося гаспадарам першынства – сярэдняй школе № 8 г. Кобрына. Усе пераможцы, а таксама трэнер лепшай каманды Ігар Хадзько атрымалі грашовыя прэміі ад Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, а таксама прызы ад Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” і ад спонсараў мерапрыемства, у якасці якіх выступіў магазін “Камп’ютар-сервіс”.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ аўтара: арганізатары, удзельнікі і партнёры перад пачаткам першынства; моманты спаборніцтва.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *