Інтэлектуальны паядынак пакаленняў

Кобрын працягвае ўтрымліваць званне сталіцы інтэлектуальных гульняў Брэсцкай вобласці. Чарговы турнір “Залаты ўзрост СП (свае пытанні)”, арганізаваны Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пры падтрымцы Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і партнёраў нядаўна прайшоў у Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы .
— Бадзёрасць і імпэт, якому могуць пазайздросціць і маладыя, – менавіта гэта заўважаеш у першую чаргу ў час такіх цудоўных мерапрыемстваў, якія, на шчасце, сталі ўжо традыцыйнымі для нашай Кобрыншчыны, — адзначыў старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік. – Я вельмі задаволены, што сёння тут сабраліся разам прадстаўнікі ўсіх узростаў, што інтэлектуальны адпачынак на Кобрыншчыне набірае папулярнасць і прыхільнікаў, і я ўпэўнены, што гэтая добрая справа не спыніцца на раённым і абласным узроўнях.
Як адзначыў арганізатар руху інтэлектуальных гульняў на Кобрыншчыне Вячаслаў Кузьміч, у інтэлектуальныя гульні сёння гуляюць усе, ад дзяцей да грамадзян сталага ўзросту. Гэты турнір адрозніваўся ад іншых, аб чым гаварылі літары “СП” у канцы назвы. СП — гэта значыць “свае пытанні”, якія ў гэты раз складалі самі каманды. Аднак гэта – не адзіная асаблівасць. Інтрыгі дадаў той факт, што побач з камандамі сталага ўзросту па-за агульным залікам гулялі дзве маладзёжныя каманды – “Унікумы” і “Optimum“.
— Гэта – выдатны прыклад узаемадзеяння пакаленняў, — расказвае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і адна з арганізатараў турніру Святлана Сытая. – Такія мерапрыемствы заўсёды праходзяць вельмі плённа і цікава – маладое пакаленне знаёміцца з кабрынчанамі, якія пражылі багатае і насычанае жыццё, з тымі, на каго ім патрэбна раўняцца, а сталыя людзі атрымліваюць выдатны зарад энергіі, маладосці і пазітыву.


Трэба адзначыць, што каманды добра пастараліся як пры складанні пытанняў, так і пры іх разглядзе – з самага пачатку і да канца гульня праходзіла ў атмасферы інтрыгі і азарту. Нязменным пераможцам і чэмпіёнам вобласці – камандзе “Старыя-разбойнікі” — з самага пачатку склала моцную канкурэнцыю каманда “Надзея”, якая ўвесь час літаральна наступала на пяты фаварытам турніру, аднак напрыканцы ўсё ж такі ўступіла з невялікім адрывам у два пытанні, трэцяе месца дасталося камандзе “Ружа вятроў”, а чацвёртае –“Брыганціне”. Выдатна праявілі сябе і маладыя інтэлектуалы. Каманда “Унікумы”, хоць і выступала па-за агульным залікам, здолела набраць максімальную колькасць пытанняў у турніры, чым яшчэ раз пацвердзіла – сталаму пакаленню ёсць каму перадаць інтэлектуальную эстафету. Прыемным эпілогам стала ўручэнне дыпломаў і падарункаў ад арганізатараў і партнёраў турніру, якімі сталі Кобрынская РА РГА “Белая Русь”, Кобрынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, СТАА “ВП “Палессе”, “Камп’ютар-сервіс” і “Піца Італьяна”. Чарговы інтэлектуальны год на Кобрыншчыне завершаны на выдатнай ноце, а новы абяцае шмат цікавых сюрпрызаў. Як адзначыў Вячаслаў Кузьміч, у планах арганізатараў правесці міжнародны онлайн-турнір па інтэлектуальных гульнях для людзей сталага ўзросту. Самае цікавае яшчэ наперадзе!


Дзмітрый БЯЛОЎ.
ЗДЫМКІ аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *