Ад нараджэння — да апошняй кропкі

16 снежня людзі, якія працавалі і працуюць у сістэме органаў ЗАГС, атрымлівалі віншаванні з нагоды стогадовага юбілею.
Былыя і сённяшнія работнікі аддзела, супрацоўнікі сельвыканкамаў Кобрыншчыны, якія таксама надзелены паўнамоцтвамі выконваць запісы актаў гармадскага стану, разам з гасцямі сабраліся ў Кобрынскім Палацы культуры.


Фае Палаца заззяла ад усмешак і напоўнілася цёплымі ўспамінамі. Яшчэ імгненне — і ўсе разам сабраліся на агульны фотаздымак, які пасля свята адправіцца ў альбом, каб захаваць яшчэ адну старонку гісторыі гэтага важнага адміністрацыйнага органа.
У зале было ўтульна і святочна. У час відэапрэзентацыі была паказана работа амаль кожнага з прысутных – рэгістрацыя шлюбу, нараджэння, віншаванняў юбіляраў.
Пра важнасць работы органаў ЗАГС гаварыў у сваёй святочнай прамове старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля. Ён падкрэсліў, што менавіта з ЗАГСа пачынаецца жыццё чалавека і там жа ставіцца апошняя кропка. Аляксандр Іванавіч з нагоды свята ўручыў заслужаныя ўзнагароды і падарункі былым работнікам.


З прывітальным словам да прысутных звярнуўся і старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, які таксама падкрэсліў важнасць работы органаў ЗАГС, пажадаў усяго найлепшага і прадоўжыў цырымонію ўзнагароджання.
Словы віншаванняў прагучалі ад галоўнага рэдактара газеты “Кобрынскі веснік”, старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Рамана Мельніка.
Марына Ляўчук таксама павіншавала сённяшніх і былых калег і падкрэсліла, што па выніках апытання, больш за 80 працэнтаў грамадзян прызналі работу ЗАГСа здавальняючай.


Аддзел ЗАГС цесна супрацоўнічае з многімі структурамі. Таму на свята прыйшлі пракурор Кобрынскага раёна Аляксандр Петрасюк і намеснік старшыні Кобрынскага раённага суда Пётр Цімашэнка і іншыя.
У такі ўрачысты дзень свае творчыя падарункі гасцям дарылі выхаванцы калектываў Палаца культуры.


Людміла ПАШКОВІЧ.
ЗДЫМКІ аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *