Дом, дзе нараджаюцца сем’і

Кожная дзяўчынка змалку чакае таго дня, калі яна ў бялюткай вясельнай сукенцы пад руку са сваім выбраннікам пераступіць прыступкі велічнага будынку пад назвай ЗАГС. Менавіта ў ЗАГСе маладыя чуюць сакральнае “так”, менавіта тут робіцца важны крок у сямейнае жыццё і нараджаюцца новыя сем’і, а работнікі ЗАСГа становяцца сведкамі гэтай важнай падзеі.


18 снежня органы ЗАГС Беларусі будуць адзначаць сваё стагоддзе. Кобрынскі раённы ЗАГС у сувязі з гістарычнымі падзеямі не мае такой доўгай гісторыі. Афіцыйна ён быў створаны ў 1940 годзе. Доўгі час асобна існавала раённае бюро ЗАГС, дзе кіраўнікамі былі Елізавета Пракапук і Еўдакія Раманюк. На чале бюро ЗАГС Кобрынскага гарвыканкама стаялі Ніна Бойка, Алена Канцавая, Раіса Навумава, якая пасля аб’яднання адміністрацыйных тэрыторый у 2002 годзе стала кіраўніком Кобрынскага раённага ЗАГСа. А ў 2015 годзе ўзначаліла ўстанову Марына Ляўчук.
Работа органаў ЗАГС заснавана ў першую чаргу на Кодэксе “Аб шлюбе і сям’і”, значныя змены ў які былі ўнесены ў 2013 годзе. Адно з іх — права скасавання шлюбу без маёмасных спрэчак і наяўнасці дзяцей да 18 гадоў, за 10 месяцаў бягучага года такіх скасаванняў было 60.
Яшчэ адно змяненне — магчымасць рабіць выязныя рэгістрацыі. Дарэчы, такая паслуга набірае папулярнасць, таму што можна змяніць прывычны сцэнарый, унесці нейкую разынку, каб самы важны дзень для маладых запомніўся на ўсё жыццё. Найчасцей такія рэгістрацыі праводзяцца на аграсядзібах.
Таксама ў Кобрынскім ЗАГСе працягваецца работа школы маладой сям’і. Работнікі ўстановы на сустрэчы з маладымі парамі запрашаюць не толькі медыкаў і псіхолагаў, але і спецыялістаў па прававых пытаннях, а пры неабходнасці, маладыя накіроўваюцца да іншых спецыялістаў.
Да свята Кобрынскі раённы ЗАСГ правёў шэраг святочных мерапрыемстваў. На працягу года ўшаноўваліся соты заявіцель, сотае нараджэнне, соты шлюб. Асобна былі праведзены мерапрыемствы да дзяржаўных святаў, да Дня сям’і, Дня абароны дзяцей. Акрамя таго, ЗАГС арганізоўвае святы для сямейных дат, на якія запрошаюцца “сярэбраныя”, “залатыя” і іншыя юбіляры.
Калектыў установы невялікі, але творчы. Таму не дзіўна, што Марына Ляўчук у гэтым годзе стала пераможцай на абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесіянальнага майстэрства ў намінацыі “Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстага абраду – рэгістрацыі нараджэння”.
Акрамя вышэйсказанага, ЗАГС займаецца рэгістрацыямі смерці, устанаўлення бацькоўства, усынаўлення, перамены імя. А зладжаны калектыў заўсёды зможа дапамагчы ў вырашэнні пытанняў грамадзян.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ Дзмітрыя Бялова: (злева направа)  галоўны спецыяліст аддзела ЗАГСа Ала Ячнік, начальнік аддзела ЗАГСа Марына Ляўчук, галоўны спецыяліст аддзела ЗАГСа Алена Воўк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *