У школьную сталовую – за асалодай і здароўем!

Якім павінна быць школьнае харчаванне і што патрэбна зрабіць, каб дзеці наведвалі школьную сталовую з ахвотай і задавальненнем? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна было атрымаць у час семінара-практыкума “Школьнае харчаванне – здаровае і рацыянальнае”, які прайшоў нядаўна на базе СШ № 8 г.Кобрына. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, ЦРБ, Кобрынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, устаноў адукацыі раёна, а таксама вучні і іх бацькі.


— Якасць школьнага харчавання — вельмі сур’ёзная тэма, скажу больш – менавіта з гэтым параметрам напрамую звязаны імідж кіраўніка кожнай установы адукацыі, — падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Дзеці ў школе павінны адчуваць сябе камфортна не толькі ў плане засваення вучэбнай праграмы і выхаваўчых мерапрыемстваў, але і ў плане харчавання – і менавіта нашы дзеці з’яўляюцца лепшым “барометрам” таго, як працуе кожная школьная сталовая і ўся гэтая сістэма.
Як адзначалася на працягу семінара-практыкума, пытанне на самай справе патрабуе ўвагі – частка дзяцей сёння адчувае наступствы непаўнацэннага рацыёну, у некаторых выпадках гэта прыводзіць нават да затрымак у фізічным і функцыянальным развіцці. І хоць працэнт такіх дзяцей невялікі, кожны падобны прэцэдэнт з’яўляецца трывожным сігналам. Нельга не адзначыць і той факт, што і самі дзеці, і іх бацькі далёка не заўсёды дэманструюць граматнасць у сферы рацыянальнага харчавання, не з’яўляюцца рэдкімі і выпадкі, калі дзеці ўвогуле адмаўляюцца ад абедаў ў школьных сталовых, замяняючы іх чыпсамі, сухарыкамі і іншым так званым “фаст-фудам”. Улічваючы, што ў школе дзеці знаходзяцца даволі доўгі час, гэтыя факты не могуць не выклікаць неспакой.
— Шэраг факультатыўных і выхаваўчых заняткаў скіраваны на тое, каб выхаваць у людзей пэўную культуру харчавання, — расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч. – Акцыя прызвана засяродзіць увагу на гэтай праблеме і прадэманстраваць, якія крокі робяцца на Кобрыншчыне, каб нашы дзеці атрымлівалі ў школьных сталовых якаснае і карыснае харчаванне.
Пераканацца ў тым, што школьная ежа можа быць не толькі рацыянальнай, але і вельмі смачнай, у хуткім часе змаглі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства. Пасля выступленняў медыкаў, школьнай агітбрыгады і тэатральнага гуртка ў школьнай сталовай разгарнулася вялікая дэгустацыя. Сваю прадукцыю прадставіў Кобрынскі хлебазавод, Кобрынскі масларобна-сыраробны завод, чайна-кафейная кампанія “DENIV”. Знайшлі чым здзівіць і ўстановы адукацыі. Так, Астроміцкая сярэдняя школа разнастайныя смачныя і карысныя стравы на аснове гарбуза. Дэгустацыя пераканала ўсіх у тым, што школьнае харчаванне можа быць і смачным, і рацыянальным, і карысным для здароўя дзяцей. Застаецца толькі спадзявацца, што пазітыўны вопыт, якім паспелі абмяняцца ўдзельнікі семінара-практыкума, знойдзе сваё ўвасабленне ў рэальных справах, і ўся гэтая смаката знойдзе сваё месца ў меню кожнай школьнай сталовай.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: момант дэгустацыі ў СШ № 8 г. Кобрына.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *