Лілася ў сэрцы дабрыня

Яны ўмеюць адчуваць прыгажосць, любяць сяброў, святы і пяшчотныя рукі матулі. Пазбаўленыя многіх магчымасцяў, яны не толькі не губляюць волі да жыцця, але насуперак усяму крок за крокам імкнуцца да развіцця і новых вяршынь, якіх дасягаюць дзякуючы неверагоднай унутранай моцы, якой могуць пазайздросціць многія з нас. Раённы фестываль інклюзіўнай творчасці “Творчы калейдаскоп”, арганізаваны Кобрынскім раённым цэнтрам дзіцячай творчасці сумесна з Кобрынскім Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, прайшоў у дзіцячай школе мастацтваў г. Кобрына.


— Вельмі добра, што правядзенне такога конкурсу стала на Кобрыншчыне добрай традыцыяй, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. – Сёння на гэтай сцэне мы бачым нашых маленькіх зорачак, і, я ўпэўнены, яны знойдуць сваё месца ў жыцці і здолеюць нас усіх прыемна здзівіць.


Так яно і атрымалася – фестываль выклікаў сапраўдны шквал станоўчых эмоцый. Пачаліся адчувацца яны ўжо ў фае, дзе разгарнулася выстава дзіцячай творчасці. Што ж датычыцца канцэрта, то ён не пакінуў раўнадушным нікога ў зале, якая ледзьве здолела ўмясціць усіх жадаючых. У мерапрыемстве прынялі ўдзел выхаванцы Кобрынскага дзіцячага дома, Кобрынскага цэнтра карэкцыйнага навучання і рэабілітацыі, Кобрынскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі з аддзялення дзённага наведвання для інвалідаў Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця разам са сваімі бацькамі. Яны спявалі песні, выконвалі музычныя кампазіцыі, чыталі вершы, прадстаўлялі ўвазе гледачоў тэатральныя сцэнкі, а разам з імі радавалі гасцей сваімі талентамі маладыя артысты і калектывы Кобрыншчыны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел валанцёры – тыя, хто выбраў дапамогу людзям у якасці свайго жыццёвага крэда.


Уражанні ад імпрэзы былі настолькі моцнымі, што многія з гледачоў не маглі стрымаць шчырых слёз. Усе мы дзякуючы гэтаму вечару сталі крышачку лепшымі і на крок бліжэй падышлі да ўсведамлення такіх складаных і такіх неабходных нам рэчаў, як міласэрнасць, спачуванне і ўзаемаразуменне.


Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ аўтара: моманты фестывалю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *