«Трэба верыць у сваё прадпрыемства!»

Нягледзячы на навукова-тэхнічны прагрэс у вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, цяжка знайсці што-небудзь больш прыдатнае для селькагаспадарчага будаўніцтва, чым гатовыя элементы з жалезабетону. Вялікі тэрмін службы і магчымасць рэкордна хуткага ўзвядзення гатовых канструкцый робяць іх нязменна папулярнымі як у нашай краіне, так і за яе межамі. На Кобрыншчыне гэтыя запатрабаваныя матэрыялы выпускаюцца на ААТ “Кобрынскі сельскі будаўнічы камбінат”, які не толькі ўтрымлівае дастойнае месца ў нашай краіне, але і выходзіць са сваімі вырабамі на замежны рынак.


— Асноўным накірункам нашага прадпрыемства з’яўляецца выпуск і мантаж жалезабетонных вырабаў, якія прымяняюцца галоўным чынам для сельскагаспадарчага будаўніцтва, — расказвае дырэктар Кобрынскага СБК Сяргей Бунь. – Сёлета мы завяршылі вытворчасць і мантаж такіх вырабаў для малочнатаварнай фермы на 1100 галоў у вёсцы Лаўрынавічы Баранавіцкага раёна, будаўніцтва МТФ на 770 галоў у вёсцы Гайна Лагойскага раёна, тэндар на якое выйграў “Брэстаблсельбуд”, таксама мы пастаўлялі свае канструкцыі і ажыццяўлялі мантаж на будаўніцтве фермы ў ААТ “Астрамечава”. Нядаўна наш СБК выйграў тэндар на будаўніцтва свінарніка на 3600 галоў ААТ “Белавежскі”, мы працуем на будаўніцтве малочнатаварнай фермы ААТ “Савушкіна пушча”.
Аднак лакальны рынак – гэта яшчэ не ўвесь спектр работы Кобрынскага СБК. Як адзначыў Сяргей Мікалаевіч, нядаўна прадпрыемства выйшла на знешні рынак і заключыла кантракт на пастаўку жалезабетонных канструкцый для будаўніцтва птушніка ў Польшчы, у хуткім часе пачнуцца работы па іх мантажы. Першы ўдалы вопыт абяцае стаць пачаткам плённага супрацоўніцтва – заказчык абвясціў аб планах будаўніцтва яшчэ аднаго такога ж комплексу ў наступным годзе, зразумела – таксама ў партнёрстве з Кобрынскім СБК. Камбінат, як і раней, ажыццяўляе будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці – зусім нядаўна, у кастрычніку, былі здадзены тры жылыя дамы ў Запрудах, Астромічах і Корчыцах.
Як адзначае Сяргей Бунь, на шляху свайго развіцця Кобрынскі СБК перажываў розныя этапы, у тым ліку – не самыя простыя. Аднак праблемы ўдалося пераадолець – сёння прадпрыемства працуе стабільна, сярэдняя заработная плата па выніках паўгоддзя перавысіла 620 рублёў. Дасягнуць гэтага атрымался ў першую чаргу дзякуючы самаадданай рабоце ўсяго калектыву. Ёсць тут і тыя, хто бесперапынна працуе на працягу дзесяцігоддзяў. Сярод іх – Міхаіл Калач, які прайшоў шлях ад майстра-брыгадзіра фармовачнага цэха да начальніка вытворчасці і ў будучым годзе адзначае 30-годдзе з пачатку сваёй работы ў СБК. Нядаўна за значныя асабістыя заслугі ён быў занесены на раённую Дошку гонару.
— Яшчэ ў дзявятым класе на адным з мерапрыемстваў на тэму “Кім бы я хацеў быць” я намаляваў кран і будоўлю дома, — усміхаецца Міхаіл Анатольевіч. – У хуткім часе паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстыту (цяпер — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт), пасля якога ў 1988 годзе прыйшоў у Кобрынскі СБК.
Зараз Міхаіл Калач адказвае за вытворчы сектар прадпрыемства – кіруе вытворчасцю жалезабетонных канструкцый. Дарэчы, адной толькі фармоўкай і зваркай справы не абмяжоўваюцца. Вытворчасць закранае і іншыя сферы, у выніку чаго дзень начальніка праходзіць “на нагах”, а тэлефон не ззмаўкае ні на хвіліну. Хапае энергіі і на творчую ініцыятыву — прынамсі, менавіта пад кіраўніцтвам Міхаіла Калача на прадпрыемстве самастойна было зроблена некалькі новых формаў для вытворчасці жалезабетонных вырабаў.
Прыкладна каля 30 гадоў адпрацавалі на прадпрыемстве Віталій Селях, Пётр Кучынскі і Ігар Басько – такія ж прадстаўнікі “старой гвардыі”, якія прайшлі разам з СБК праз усе цяжкасці. Як справядліва адзначае Міхаіл Анатольевіч, трэба верыць у сваё прадпрыемства і жыць з ім адным жыццём.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ аўтара: Сяргей Бунь (справа) і Міхаіл Калач на адкрытым палігоне па вырабе жалезабетонных элементаў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *