Добрая сустрэча ў “Дыскаверы”

Утульная атмасфера, святочны стол і смачная ежа, прыгатаваная ўласнымі рукамі. Згадзіцеся, выдатныя складальнікі для сапраўднага сямейнага свята. Менавіта такі падарунак з нагоды Дня інвалідаў атрымалі пражываючыя Кобрынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната — яны правялі выдатны дзень у рэстаране-бары “Дыскаверы”.


Распачалася сустрэча з цікавага і відовішчнага майстар-класа па прыгатаванні піцы, які прайшоў пад кіраўніцтвам шэф-повара Віктара Кочына. Госці даведаліся, як і ў якім парадку гатаваць сапраўдную піцу, якія інгрэдыенты прымяняюцца для яе прыгатавання, пазнаёміліся з цікавымі спосабамі замешвання цеста.
– Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі групе кампаній “Нашы вытокі” за выдатную магчымасць цудоўна правесці час. Гэта не проста вясёлая сустрэча, гэта – чарговы крок да сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія становяцца бліжэй да самастойнага жыцця, — расказвае культарганізатар Кобрынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Лідзія Сліва.
Аб тым, што ідэя аказалася на самай справе выдатнай, лепш за ўсё расказалі шчырыя радасныя ўсмешкі ўдзельнікаў мерапрыемства. Яно стала выдатным працягам шматлікіх дабрачынных ініцыятыў “Дыскаверы” для сацыяльна ўразлівых катэгорый насельніцтва, якія праводзяцца тут у рамках канцэпцыі сямейнага адпачынку.
Майстар-клас прайшоў у добразычлівай атмасферы і прынес шмат яркіх эмоцый, выдатнай кульмінацыяй мерапрыемства стаў вялікі святочны стол.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: майстар-клас праводзіць шэф-повар “Дыскаверы” Віктар Кочын.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *